Ля Курапатаў пасадзілі 90 клёнаў



Непадалёк ад дома №49 па вуліцы Мірашнічэнкі, дзе на пачатку года планавалася пачаць будаўніцтва бізнес-цэнтра, высаджаны дрэвы – некалькі дзясяткаў маладых клёнаў.

У лютым вакол будаўніцтва бізнес-цэнтра разгарэўся канфлікт паміж забудоўшчыкам і гарадскімі ўладамі, з аднаго боку, і мясцовымі жыхарамі і грамадскімі актывістамі, з другога.

Пляцоўка пад будоўлю апынулася ў непасрэднай блізкасці ад урочышча Курапаты, якое з’яўляецца месцам масавых расстрэлаў у 1930-1940 гадах. Акрамя таго, з узвядзеннем бізнес-цэнтра мясцовыя жыхары пазбаўляліся зялёнай зоны, якая адлучае іх хаты ад кальцавой аўтадарогі.

Пад будаўнічую пляцоўку былі спілаваныя больш за дзесяць дрэў. Але ўзвядзенне будынка так і не пачалося – грамадскасць дамаглася адмены будаўніцтва. Забудоўшчык пакінуў пляцоўку.

На суботніку 17 кастрычніка на гэтай тэрыторыі навучэнцамі ліцэя №12 і работнікамі «Зелянбуда» былі высаджаны маладыя клёны, паведамляе «Зялёны партал».