Ля месца ранення Генадзя Шутава маглі страляць некалькі разоў



Жыхары навакольных дамоў каля месца страляніны 11 жніўня ў Берасці чулі як мінімум тры стрэлы. Некаторыя з іх адразу звярнулі ўвагу на гэта, а пазней пабачылі цела тады яшчэ параненага Генадзя Шутава.

Кажа відавочца:

– Я знаходзілася дома, пачула тры стрэлы і адразу выбегла на балкон. З балкона ўбачыла, што на асфальце ляжыць мужчына. Ад яго адыходзіць у цывільнай вопратцы чалавек. І я яму крычу: выклікай „хуткую”, таму што мужчына ляжыць незварушна і бачна лужа крыві. Ён да яго падышоў, паспрабаваў нагой штурхнуць. Але пабачыў кроў і ў яго паніка пачалася. Ён пачаў клікаць сваіх. Адзін падбягае і пачынае трымаць яму галаву, відаць, кроў спыняе.

Генадзь Шутаў быў смяротна паранены 11 жніўня непадалёк месцаў пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў ля адміністрацыі Маскоўскага раёна Берасця. На інтэрнэт рэсурсах пачалі з’яўляцца відэазапісы відавочцаў з месца здарэння.

Хуткая дапамога забірае параненага Генадзя Шутава.

Невядомыя на месцы ранення Генадзя Шутава.

Беларускае Радыё Рацыя