Лябедзька і Губарэвіч трапілі на прыём да міністра абароны
Фота з Фэйсбука Анатоля Лябедзькі
Дзедаўшчына, змены у заканадаўстве ды патрыятычнае выхаванне ў войску – гэта некаторыя тэмы, якія ўдалося ўзняць старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолю Лябедзьку і старшыні Руху «За Свабоду» Юрыю Губарэвічу на сустрэчы з міністрам абароны Андрэем Раўковым. Па словах Анатоля Лябедзькі, сустрэча ў Наваградку, дзе міністр праводзіў выязны прыём грамадзян па асабістых пытаннях, ператварылася ў канструктыўную дыскусію:
— Я сказаў, што нас не задавальняе тое, што ёсць у абаронным пакеце, і тыя змены, якія былі у 2017 годзе ў восем праектаў законаў, якія тычыцца абаронных цэляў нас не ўсе задавальняюць. Там многае не закранаецца. Мы будзем рыхтаваць свае прапановы, у прыватнасці, каб зрабіць казарму больш транспарэнтнай, каб у вайскоўцаў была магчымасць калі не кожныя выходныя, дык прыязджаць дахаты. Больш магчымасці карыстання інтэрнэтам і так далей. Калі адзін сын у сям’і, дык разгледзець магчымасць не прыцягваць яго да вайсковай службы. І мы будзем гэта рабіць.
Таксама Анатоль Лябедзька запрасіў міністра абароны прыняць удзел у круглым стале і абмеркаваць сітуацыю ў беларускім войску з экспертамі ў гэтай галіне, у прыватнасці з былым міністрам абароны Паўлам Казлоўскім і з вайсковым аглядальнікам Аляксандрам Алесіным.
Міністр абароны адзначыў, што новых вайсковых баз у Беларусі не будзе. А інфармацыя пра з’яўленне іншых вайсковых баз не адпавядае рэчаіснасці. Гаворыць Юрась Губарэвіч:
– Міністр адзначыў, што зараз ёсць толькі два аб’екты – гэта ў Вялейцы і Ганцавічах. Гэта аб’екты Расейскай Федэрацыі. Ад іх ёсць пэўная карысць для абароназдольнасці Беларусі. Ніякага размяшчэння новых замежных аб’ектаў або прысутнасці дадатковага кантынгента, ці размяшчэння нейкай вайсковай тэхнікі замежных дзяржаў не плануецца. І ўсе чуткі, якія ўзнікаюць на гэты конт у інтэрнэце ці транслююцца ў СМІ, не маюць пад сабой ніякіх падставаў.
Таксама Юрась Губарэвіч звярнуў увагу міністра абароны на тое, што беларускаму войску патрэбна ўзмацніць ідэалагічнае выхаванне. Палітык нагадаў пра ініцыятыву перайменавання Сувораўскай вучэльні ў вучэльню імя гетмана Астрожскага або Тадэвуша Касцюшкі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.