Лябедзьку асудзілі за прэс-канферэнцыю ў Курапатах



Адміністрацыйную справу разглядаў суд Цэнтральнага раёна Менска. Суддзя Вікторыя Шабуня агучыла прысуд – 50 базавых велічынь, або 1 225 рублёў штрафу. Палітык, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, кажа, што гэта першы выпадак, калі прэсавую канферэнцыю палічылі недазволеным масавым мерапрыемствам.

Анатоль Лябедзька перад пасяджэннем нават праглядзеў закон „Аб СМІ” і не знайшоў там артыкулаў, якія б вызначалі месца правядзення прэс-канферэнцыі. Акрамя таго, ён спаслаўся на практыку кіраўніка краіны:

– Бачым, калі Аляксандр Лукашэнка выходзіць, напрыклад, на калгасныя палеткі, вакол яго роі журналістаў, і ён праводзіць гэтыя прэсавыя канферэнцыі. Чаму адзін грамадзянін можа гэта рабіць, а іншыя не могуць, я так і не зразумеў. У залю судовага пасяджэння не прыйшоў ніхто з міліцыянтаў. Яны проста напісалі нешта, прабачце, ад балды па-народнаму, што я „дэманстратыўна стаяў на фоне бел-чырвона-белага сцяга”. Што гэта за фармулёўкі такія?    

Прысутныя ў залі суда на агучаны палітыку прысуд адрэагавалі воклічамі “Ганьба!”. Прыгадаем, што суд над Анатолем Лябедзькам быў звязаны з удзелам палітыка ў прэс-канферэнцыі, якую 21 ліпеня правялі абаронцы Курапатаў каля брамы забаўляльнага комплексу “Поедем, паедим”.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя