“Лягчэй жыць, калі ты адчуваеш абарону нябёсаў…”



Бываюць такія дні, якія нібы паўтараюцца. Такім жа па-сапраўднаму зімовым, казачным было 27 снежня 2011 года, але ўвечары з Пінска прыйшла навіна, якая перакрэсліла ўсю прыгажосць навагодне-каляднага моманту. Заўчасна не стала вялікага патрыёта палескага краю Аляксея Мікалаевіча Дуброўскага.

Раптоўна спынілася сэрца чалавека, які адкрыў праўду пра сталінскія рэпрэсіі на Піншчыне ў чэрвені 1941 года (гл.: Дэпартаваным пашчасціла больш, чым пакінутым вязням), спрыяў арганізацыі заказнікаў на Палессі, адным з першых асудзіў савецкі падыход да меліярацыі (гл.: Край пад белымі крыламі. Страчанае Палессе), зрабіў сотні ўнікальных здымкаў палескай прыроды, якія ўвайшлі як ва ўласныя выданні, так і турыстычныя зборнікі (гл.: Палессе ў аб’ектыве Аляксея Дуброўскага).

Аляксей Мікалаевіч у 1990-я гады абіраўся дэпутатам у Пінскі гарадскі Савет, дзе ўваходзіў у групу Беларускага Народнага Фронта “Адраджэнне”. Браў актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці. У 2007 годзе звярнуў увагу грамадскасці на наўпрост варварскія дзеянні мясцовых камунальнікаў на пінскіх старажытных могілках. Тады працоўныя ЖКГ вырашылі абрэзаць аварыйныя дрэвы, справа патрэбная, але выкананне ператварылася ў вандалізм – галлё, нават асобныя дрэвы наўпрост валілі на больш чым стогадовыя помнікі. Такія паводзіны выклікалі скандал, а неабыякавыя пінчукі арганізаваліся ды талакой усю весну і ўлетку добраўпарадкоўвалі могілкі.

1 верасня 2007 год, старажытныя могілкі Пінска. Аляксей Дуброўскі вядзе экскурсію для Аляксандра Мілінкевіча і Іны Кулей, фота аўтара.

Пасля смерці Дуброўскага, калі сваякі прыбіралі ягоныя рэчы, пераглядалі працоўныя дакументы, нататкі на камп’ютары. Іх аўтар між іншага распісаў творчы план да 2015 года, да 70-гадовага юбілею. Толькі лёс вырашыў інакш. З нагоды дзясятай гадавіны смерці хочацца звярнуцца да невялікага артыкула Дуброўскага, прысвечанага веры палешукоў у Бога, а таксама здымкаў рэлігійнай тэматыцы.

Дэпутат Дуброўскі падпісвае петыцыю мітынгу, вясна 1990 года. Пад бел-чырвона-белым сцягам, зіма 1998 года. Фота з архіва аўтара.

(…) Яшчэ і сёння можна сустрэць на Палессі паганскія сімвалы на хатах і ў назвах вёсак, асабліва ў ваколіцах Давыд-Гарадка і Турава. Па некаторых звестках, яшчэ ў 1005 годзе арганізуецца Тураўская епархія, да якой быў аднесены і Пінск. Хрысціянства пакрысе пачынае выцясняць паганства. Па Прыпяці з Кіева ўверх па плыні да Тураўскай зямлі і Пінска дзіўным чынам плывуць каменныя крыжы. Некаторыя з іх нагадваюць скіфскія каменныя бабы. Іх можна пабачыць у пінскім Музеі Беларускага Палесся і ў Усесвяцкай царкве Турава.

Вёска Кажан-Гарадок Лунінецкага раёна. Свята-Мікалаеўская царква 1818 года.

Геаграфічнае становішча беларускіх зямель паміж Захадам і Усходам да ХVІ- ХVІІ стст. стала прад’яўляць рахунак душам палешукоў. Барацьба за іх прымае жорсткі характар паміж каталіцкімі ордэнамі і праваслаўем. Прыглушыць барацьбу паспрабавала ўнія. І гэта ёй удалося, але толькі на 243 гады. І зноў пайшоў калейдаскоп зменаў. Да 80-х гадоў ХХ ст. улады паставілі, здавалася б, кропку на рэлігіі. Але Богу пажадана, каб яна паўстала зноў, і толькі руіны іўдзейскіх сінагог нагадваюць людзям аб іхнім вялікім граху перад Богам.

Могілкі ў в. Барычавічы. Наруб – драўляная цяжкая калода, якая клалася па звычаях часоў паганства на месцах пахаванняў.

Але заўжды застаецца дух народа, які і дазваляе яму спадзявацца на адраджэнне рэлігіі, культуры, традыцый і звычаяў.Многія палескія вёскі і сёння стаяць без выратавальных крыжоў, але людзі працягваюць аднаўляць сімвалы пакутніцтва за нашы душы на ўездах у паселішчы, на перакрыжаваннях вуліц і нават на сваіх агародах, упрыгожваючы іх рознакаляровымі стужкамі, ручнікамі і фартухамі. Так лягчэй жыць, калі ты адчуваеш абарону нябёсаў.

“Растучы” крыж на тураўскіх могілках.

Нашае жыццё тленна, і, урэшце рэшт, цела з мірам адыходзіць у зямлю, а душа – на неба. Але палешукі шануюць памяць аб памерлых. І гэта важны элемент іхняга жыцця.

Аляксей Мікалаевіч Дуброўскі (2 студзеня 1945, в. Зачысце Барысаўскага раёна Менскай вобласці – 27 снежня 2011, Пінск) –  вядомы фатограф, эколаг і краязнаўца. Ягонымі здымкамі аздобленыя шматлікія зборнікі аб Палессі. Аўтар сотняў артыкулаў, прысвечаных праблемам экалогіі і гісторыі, якія рэгулярна з’яўляліся ў беларускім і замежным друку. За гэта ў 2007 годзе атрымаў узнагароду Беларускай асацыяцыі журналістаў. У 2000 годзе выдаў кнігу “Палігон”, а ў 2006 годзе фотаальбом “Край пад белымі крыламі”. Дуброўскі працяглы час працаваў інжынерам у Пінскім праектным інстытуце меліярацыі, у навуковым аддзеле парка “Белавежская пушча”. У 1985-1990 гадах кіраваў працай па арганізацыі большасці заказнікаў Пінскага раёна і новых заказнікаў Палесся, між іншых “Лунінскі”, “Званец”, “Выдранка”. У часы перабудовы падтрымаў нацыянальна-дэмакратычны рух, амаль дзесяць гадоў быў дэпутатам Пінскага гарадскога Савета.     

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя