Лясны сезон толькі пачынаецца, а кляшчы ўжо атакуюць



miteУ Беларусі толькі пачаўся лясны сезон, але ахвярамі кляшчоў ужо сталі 183 чалавекі, з якіх значная частка – няпоўнагадовыя. Пры гэтым у рэспубліцы павялічылася колькасць кляшчоў, якія  пераносяць небяспечныя для жыцця і здароўя чалавека вірусы. Каб засцерагчы грамадзян ад непажаданых праблем, медыкі сумесна з лясгасамі праводзяць інфармацыйна-прафілактычную працу. Людзям нагадваюць, як неабходна апранацца, выходзячы ў лес, кажа супрацоўніца Пінскага цэнтра гігіены Людміла Новік:

– Першае правіла – трэба правільна апрануцца. І сваіх дзяцей апрануць, і блізкіх. Павінен абавязкова быць галаўны ўбор, кашуля, якая шчыльна прылягае да цела і запраўленая ў штаны. А штаны – у сапагі. І калі вы ўжо збіраецеся ў лес, то браць з сабой адмысловыя прэпараты, якія адпужваюць кляшчоў. Яны даволі вядомыя ў СМІ, пра іх шмат кажуць.

Нягледзячы на тое, што ад кляшчоў можна пазбавіцца самастойна, медыкі ўсё ж раяць звяртацца па дапамогу, каб праверыць кляшча на вірусы.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск

Фота webfazenda.ru