“Лятучы” жаночы пратэст супраць гвалту і падману ў Віцебску
Віцебск далучыўся да акцый, якія праходзяць па ўсёй Беларусі: мясцовыя жыхаркі выйшлі з белымі і чырвонымі кветкамі ў цэнтр горада і прайшлі калонай па цэнтральных вуліцах і “спальных” раёнах.
Калона, у якой было больш за 300 ўдзельнікаў, фармавалася паступова. Нехта выправіўся яшчэ раніцай, нехта далучыўся па абедзе. І такім чынам, жаночы пратэст супраць фальсіфікацый на выбарах і міліцэйскага гвалту бачыў практычна ўвесь горад. Чаму жанчыны наважыліся на гэта? Гавораць спадарыня, якая йдзе ў калоне з маленькім сынам на руках:
– Мы хочам спакойна жыць у сваёй краіне, мы за сумленныя выбары, за светлую будучыню для нашых дзяцей. Нас шмат, чалавек трыста, напэўна, і будзе яшчэ болей, таму што мы вабім да сябе людзей. Таму што, калі нас шмат, мы сіла!
Дзяўчаты і жанчыны ішлі не адны – па бакох калоны ішлі хлопцы, знаёмыя ўдзельніц. На асобных участках дарогі ланцуг жаночай салідарнасці суправаджалі раварысты. Адзін з іх кажа, што адмыслова шукаў маршрут калоны, каб далучыцца:
– Мы чакалі, калі група прыйдзе сюды, мы далучыліся, і вось ідзём усе разам. Ёсць такое адчуванне, што ўсе людзі нас падтрымліваюць па меры магчымасці. Паступова, паступова Віцебск абуджаецца, пачынае разумець, што адбываецца, і салідарызуецца з усёй краінай. Вось і ўсё!
Сённяшняя акцыя супраць міліцэйскага гвалту і падману на выбарах прайшла без затрыманняў. У адрозненне ад учорашняй, калі ўсяго 25 удзельніц выйшлі ў горад і былі схоплены міліцыяй. У пастарунку на іх склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск