Лявон Баршчэўскі: Для мяне 23 лютага – не свята



Грамадскі дзеяч і былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Лявон Баршчэўскі распавядае пра тое, ці варта лічыць 23 лютага Днём абаронцаў Айчыны.

Лявон Баршчэўскі: Для мяне гэты дзень – адназначна не свята. Я нават, калі вучыўся ў школе ў савецкія часы, адмаўляўся 23 лютага прымаць падарункі і казаў: “Я тут пры чым?” А, тым больш, цяпер, калі Саюза ўжо няма. Святкаваць падзею, калі немцы ўзялі Пскоў, — гэта толькі хворае ўяўленне бальшавікоў магло прыдумаць.

РР: Тым не менш, святкаванне 23 лютага стала для многіх людзей ужо традыцыяй…

Лявон Баршчэўскі: Навязаць можна ўсё. Калі праз СМІ гадамі ўбіваць у галаву, што ў той ці іншы дзень трэба адзначаць тую ці іншую дату, то прызвычайваюцца. Святкаванне 23 лютага – гэта абсалютна прапагандысцкі прыём і выдумка. Ніякая савецкая армія не паўстала 23 лютага 1918 года. Тым больш, да Беларусі гэта ўвогуле не мае ніякага дачынення.

РР: На ваш погляд, калі правесці апытанне сярод беларусаў, то ці ведаюць яны, чаму менавіта 23 лютага адзначаецца Дзень абаронцаў Айчыны?

Лявон Баршчэўскі: Думаю, большасць не ведае, гэтак жа, як і пра 1 траўня ці 7 лістапада. Зрэшты, людзі не ведаюць і больш відавочныя рэчы.

РР: Можа быць, варта было б тады з гэтай нагоды прызначыць нейкае сваё нацыянальнае свята?

Лявон Баршчэўскі: У Вярхоўным Савеце 12-склікання мы ставілі пытанне, каб 8 верасня адзначаць Дзень вайсковай славы, але большасць дэпутатаў не пагадзілася на гэта. Баяліся рэакцыі з боку Расеі, бо 8 верасня 1514 года войскі Вялікага Княства Літоўскага разбілі пад Воршай маскоўскія войскі. Былі прапановы і наконт 7 ліпеня, бо менавіта ў гэты дзень у 1944 годзе ў Менску быў вялікі партызанскі парад. Тады было проста ўражвальнае шэсце, і, калі б адзначалі Дзень абаронцаў Айчыны ў гэты дзень, то такі падыход больш-менш усіх задаволіў бы. Але сёння маем тое, што маем. Паўтаруся, для беларусаў ніякай станоўчай гістарычнай традыцыі за гэтым днём няма.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота budzma.by