Лявон Баршчэўскі: Мы паказалі шлях, па якім павінна ісці беларуская нацыя
25 гадоў таму была прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі.
27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце. Дэкларацыя абвясціла поўны дзяржаўны суверэнітэт БССР як вяршэнства, самастойнасць і паўнату дзяржаўнай улады рэспублікі ў межах яе тэрыторыі, правамоцнасць яе законаў, незалежнасць рэспублікі ў знешніх адносінах.
З 1991 па 1996 гады галоўнае нацыянальнае свята Беларусі — Дзень незалежнасці — адзначалася 27 ліпеня і было прымеркавана да даты прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце. Пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі падчас рэспубліканскага рэферэндуму 1996 года было прынята рашэнне аб святкаванні Дня незалежнасці 3 ліпеня, у дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Лявон Баршчэўскі распавядае пра ролю ў гісторыі Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі.
Лявон Баршчэўскі: Гэтая дата вельмі важная, бо мы паказалі шлях, па якім павінна ісці беларуская нацыя. Там быў вельмі важны пункт, што дзяржава збіраецца быць нейтральнай і без’ядзернай. Гэта вельмі актуальна ў нашыя часы, паколькі папаўзнавенні і спробы не заўважаць гэты пункт ужывую перайшлі ў Канстытуцыю і не былі зменены пасля нейкіх рэферэндумаў. Гэта і дае нам аснову маральную і прававую, каб некалі ўсё ж дамагчыся гэтага пункта. А пытаннне незалежнасці краіны вельмі цесна звязана з гэтым. Калі мы будзем весці самастойную палітыку, то будзем незалежнай дзяржавай.
РР: Кажуць, што Дэкларацыя была своеасаблівым кампрамісам эліт…
Лявон Баршчэўскі: Думаю, што так. Большасць у Вярхоўным Савеце увогуле не ўяўляла і не думала пра гэта. Меншасць уяўляла і думала, але павінна была дамовіцца з большасцю. Прынамсі першыя дзесяць пунктаў Дэкларацыі былі вынікам цяжкай працы і дамовы. Але ізноў-такі гэта паказала, што ў Беларусі розныя палітычныя плыні могуць паміж сабой дамаўляцца. І гэта таксама добры прыклад для будучыні. Усяго гэтага зараз няма.
РР: А што маем праз 25 гадоў пасля прыняцця Дэкларацыі?
Лявон Баршчэўскі: Прасцей сказаць, чаго не маем… Няма кампрамісу, няма рэальнай незалежнасці і руху да нейтралітэту. Дэкларацыя – дакумент на будучыню. І ў гэтым яго вялізнае значэнне.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота szlachta.io.ua