Лявон Баршчэўскі: Незалежнасць – гэта не тавар, якім гандлююць
“Не бывае такога, каб народ добраахвотна адмовіўся ад незалежнасці”, – кажа грамадскі дзеяч Лявон Баршчэўскі.
Расейская прапаганда працягвае наступ на беларускае кіраўніцтва, відаць, рыхтуючы грамадства да “паглыбленай інтэграцыі” Беларусі і Расеі. Некаторыя наогул прагназуюць для Беларусі магчымую страту суверэнітэту.
Лявон Баршчэўскі: Пра страту незалежнасці размовы ідуць усе гады, якія яна ў нас ёсць. Але адна рэч відавочная: незалежнасць не даецца палітыкамі. Яе заслугоўваюць народы, і менавіта яны вырашаюць лёс краіны. І няма такога народа, які б адмовіўся ад свайго суверэнітэту добраахвотна, калі, натуральна, яго не ўвялі ў зман. Таму гэтае пытанне гістарычна вырашана. Незалежнасць – гэта найвялікшае дасягненне народа, і сотні народаў мараць пра яе, хаця яны гэтага і не дасягнулі. А мы гэта маем і не маем права гэта страціць. А ўсе інтрыгі палітыкаў з гэтай нагоды, па вялікім рахунку, злачынная дзейнасць.
РР: Наколькі рэальна, што Расея можа паглынуць Беларусь?
Лявон Баршчэўскі: Калі толькі з дапамогай сілавога варыянта, але, мяркую, да гэтага справа не дойдзе. А што датычыцца ўзгадак пра нейкія ранейшыя дамовы, то Канстытуцыя Беларусі не дазваляе падпісваць ніякія дакументы, якія абмяжоўваюць суверэнітэт краіны.
РР: Але ж Масква можа ціснуць праз эканоміку…
Лявон Баршчэўскі: Напэўна, няма яшчэ ніводнай краіны ў свеце, якая б за даўгі страціла незалежнасць. Некаторыя краіны Лацінскай Амерыкі маюць шматмільярдныя пазыкі яшчэ з ХІХ стагоддзя, і ніхто не прэтэндуе на тое, каб іх за гэта захапіць. Краіна і незалежнасць – гэта не тавар, якім гандлююць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя