Лявон Баршчэўскі: Няма сёння ў апазіцыі свайго Пазьняка…
Грамадскі дзеяч Лявон Баршчэўскі патлумачыў, чаму ён падпісаўся пад зваротам да апазіцыі з заклікам аб’яднацца.
Прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі выступілі са зваротам, у якім заклікалі дэмакратычную апазіцыю да кансалідацыі.
Зварот падпісалі вядомыя культурныя і грамадскія дзеячы Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Зінаіда Бандарэнка, Анатоль Вярцінскі, Радзім Гарэцкі, Ніл Гілевіч, Віктар Казько, Аляксей Марачкін, Генадзь Фядыніч.
Лявон Баршчэўскі: Я паставіў свой подпіс пад зваротам пра аб’яднанне апазіцыі таму што гэтае пытанне ўжо, як кажуць, навязла ў зубах, і яно не вырашаецца на працягу 20 гадоў. Рэч абсалютна відавочная, што без аб’яднання не будзе ніякага руху наперад і ніхто не будзе лічыцца з такой апазіцыяй.
РР: Ці не падаецца вам, што гэта марная справа – спрабаваць аб’яднаць апазіцыю?
— Марнай справы няма з улікам таго, што проста трэба сказаць праўду ў твар тым, хто не хоча яднацца. А сказаць трэба так: “Калі ты супраць яднання, то ты альбо агентура, альбо інфантыльны чалавек”. У сітуацыі, куды коціцца краіна, мы не можам дазволіць сабе раскошу 5-7 партыямі сварыцца паміж сабой.
РР: Ці прыслухаюцца?
— Да заявы можа і не прыслухаюцца, але, можа быць, індывідуальныя перамовы нешта дадуць, Наколькі вядома, яны вядуцца. Трэба адраджаць апазіцыю, бо сёння яе фактычна ўжо няма. Засталіся нейкія дысідэнцкія групы – і не больш таго. Вось з гэтых групаў і трэба зрабіць рух, з якім будуць лічыцца.
РР: На ваш погляд, калі пачала дэкградаваць беларуская апазіцыя?
— Пасля ад’езду за мяжу Зянона Пазьняка ў 1996 годзе. Калі ў першыя гады нешта адбывалася па інерцыі, то паступова гэта ішло ўніз. А пасля 2010 году, калі апазіцыя не знайшла слоў для пацярпелых людзей, каб вярнуць ім надзею, усё стала зусім дрэнна. Я мяркую, што апазіцыяй павінна стаць частка народу, а то ў нас гэта асацыіруецца толькі з групай нейкіх палітыкаў. І гэта самае галоўнае.
РР: У апазіцыі сёння няма моцнага лідара?
— Так, у іх няма свайго Зянона Пазьняка. Няма ні моцнай палітычнай фігуры, ні выразнай праграмы. Ёсць толькі нейкія агульныя рэчы кшталту “Беларусь – у Еўропу”. А гэтага мала. Неабходна дакладная пакрокавая стратэгія. На ўсе пытанні, якія сёння цікавяць людзей, неабходна даваць адказы грамадству.
Гутарыў Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: belsat.eu