Лявон Баршчэўскі: У ранейшай форме ладзіць “Чарнобыльскі шлях” ужо не варта



Гісторык і грамадскі дзеяч Лявон Баршчэўскі лічыць, што стары фармат правядзення “Чарнобыльскага шляху” сябе вычарпаў.

Нагадаем, што Менгарвыканкам дазволіў шэсце па звычайным маршруце і мітынг у Парку дружбы народаў, але за паслугі міліцыі па ахове парадку на мерапрыемстве трэба было заплаціць 5737 рублёў. Арганізатары акцыі на гэта не пагадзіліся і адклікалі заяўку. Такім чынам, упершыню амаль за 30 гадоў “Чарнобыльскага шляху” сёлета не будзе.

Лявон Баршчэўскі: Арганізатары правільна зрабілі, што адклікалі заяўку, бо гэта глупства, калі трэба плаціць грошы за тое, што гарантавана Канстытуцыяй. Міліцыя атрымоўвае грошы з падаткаў, у тым ліку і ад тых людзей, якія ладзяць мерапрыемства. Міліцыя павінна забяспечваць парадак, бо мае за гэта заробак.

Калі няма сродкаў у арганізатараў, то немагчыма арганізаваць нармальны “Чарнобыльскі шлях”. А зрабіць маленькую акцыю, каб пасля з гэтага кпілі СМІ, таксама палітычна няправільна.

РР: Некаторыя кажуць, што даўно трэба змяняць фармат правядзення “Чарнобыльскага шляху”.

Лявон Баршчэўскі: Я таксама так лічу. Прайшло больш за 30 гадоў з моманту трагедыі на Чарнобылі, многія з тых ліквідатараў, якія актыўна ўдзельнічалі ў першых акцыях, на жаль, ужо памерлі. А гэта рабілася ў першую чаргу для іх, каб падтрымаць людзей.

Таму, мяркую, у “Чарнобыльскага шляху” павінен быць іншы фармат. У той форме, у якой ён існаваў раней, праводзіць мерапрыемства ужо не варта. Тым больш, мы бачым, колькі грошай патрабуе за гэта дзяржава.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск