Лявон Баршчэўскі: Улада павінна пераступіць праз свае амбіцыі
Грамадскі дзеяч Лявон Баршчэўскі ацаніў масштаб пратэстаў і рэпрэсій у Беларусі.
Лявон Баршчэўскі: Пратэсты трэба ацэньваць з гледзішча таго, што людзі маюць права на мірны пратэст. Калі народ выказвае сваю думку цывілізаваным спосабам (дагэтуль было так), то і супраць пратэстантаў нельга дзейнічаць нецывілізавана. А што мы бачым? Прдастаўнікі сілавых структур ходзяць без формы, ужываюць брутальныя затрыманні і, такім чынам, правакуюць гэты градус пратэсту.
РР: Каму гэта выгодна?
Лявон Баршчэўскі: Пра тое можна толькі здагадвацца.
РР: Ці не адбудзецца вяртанне ў 2010-2011-я гады, калі рэпрэсіі дасягнулі вялікіх масштабаў?
Лявон Баршчэўскі: Вясна гэтага году ўвогуле можа быць “гарачай”, таму не выключаю, што могуць быць і разгоны акцый. І ў такой сітуацыя, калі ўжо пачалося супрацьстаянне, трэба нейкім чынам дамаўляцца. Калі ўлада ізноў пачне дзейнічаць з дапамогай дубінкі і бота, то ні да чаго добрага гэта не прывядзе. Разумная ўлада павінна размаўляць з апанентамі. І тут трэба разумець, што пратэсты ў значнай ступені стыхійныя. Трэба яшчэ падзякаваць апазіцыйным лідарам, калі тыя змогуць кантраляваць гэты пратэст. А пратэстны патэнцыял сёння моцны. Эканамічная сітуацыя ў краіне вымагае да гэтага, людзі не задаволены. Улады павінны гэта адчуваць, таму не трэба прыдумваць, што гэтыя акцыі нехта распрацоўвае і фінансуе з-за мяжы. Чаму адбываюцца стыхійныя пратэсты? Таму што ўзнікла новая супольнасць людзей, якая мабілізуецца праз сацыяльныя сеткі без ініцыятывы палітычных партый. У такой сітуацыі ўлада павінна пераступіць праз сябе, свае амбіцыі і пайсці на кампраміс. Трэба не толькі прыпыніць ганебны дэкрэт, а ўвогуле яго адмяніць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя