Лёс Андрэя Бандарэнкі вырашыцца 29 сакавіка



У судзе Ленінскага раёна Магілёва на 29 сакавіка прызначаны разгляд па справе былога кіраўніка праваабарончай арганізацыі «Платформ Іннавэйшн» Андрэя Бандарэнкі. Тэрмін ягонага зняволення заканчваецца 31 сакавіка 2017 года.

Бандарэнка абвінавачваецца ў парушэнні арт. 411 КК (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Асуджанаму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў. Судовае паседжанне прызначана на 10 гадзін. Справу будзе разглядаць суддзя Мазураў у адкрытым працэсе.

Абвінавачванне было прад’яўленае Андрэю Бандарэнку 11 студзеня, а праз тыдзень матэрыялы справы пракуратура г. Магілёва накіравала ў суд. Падставай для крымінальнага пераследу Бандарэнкі сталі шматлікія парушэнні правілаў рэжыму ўтрымання і факты непадпарадкавання, якія нібыта мелі месца.

Адміністрацыя турмы №4 г. Магілёва, у якой адбывае пакаранне Бандарэнка,  кантралюе кожнае яго дзеянне з мэтай накладання чарговага спагнання, супрацоўнікі чапляюцца да любой дробязі, ствараюцца праблемы з ліставаннем. У студзені ён быў пазбаўлены кароткатэрміновага спаткання з роднымі, яго другі раз паставілі на прафілактычны ўлік.

У выпадку асуджэння А. Бандарэнкі па ч.2 арт. 411 КК РБ праваабаронцы будуць гатовыя прызнаць яго палітычным зняволеным.

Андрэй Бандарэнка — былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформ Іннавэйшн», якая займалася маніторынгам месцаў зняволення. У 2014 годзе яго прызналі вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве ў дачыненні да трох грамадзян і асудзілі на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Усяго на Андрэя Бандарэнку накладзена больш за дзесятак спагнанняў у розных месцах пазбаўлення волі, дзе ён адбываў тэрмін. З-за гэтага былы кіраўнік праваабарончай «Платформы Інавэйшн» прызнаны злосным парушальнікам рэжыму. Цяперашні яго тэрмін зняволення заканчваецца 31 сакавіка 2017 года.

«Вясна»