Лёс гарадзенскага скарба пакуль не вызначаны
Праз два месяцы, якія прайшлі пасля знаходкі на гарадзенскай вуліцы Антонава скарба залатых манет, іх лёс застаецца не вызначаным.
Знаходку выявілі пры разборы ўнутранай сцяны будынка – пад вялізным камянём у нішы знайшлі закапаны гліняны гаршчок з залатымі манетамі і пярсцёнкам. Манеты рознай вартасці, на ўсіх адчаканены профіль Мікалая II.
Пра лёс скарба распавядае старшыня „Беларускага нумізматычнага таварыства” Віктар Какарэка, які быў экспертам, калі знайшлі скарб:
– Скарб перадалі на прызнанне гісторыка-культурнай каштоўнасцю і аддалі ў Менск. Я цікавіўся, колькі гэта будзе, бо звычайная працэдура адміністратыўная займае звычайна адзін месяц, а калі патрабуе дадатковага вывучэння, то два. Крытэрыяў больш такіх жорсткіх, па якіх можна вызначыць, аднесці ці не аднесці да гэтага ў нас няма. Камісія выслухае меркаванні бакоў і вынесе сваё рашэнне.
Паводле спецыяліста, знойдзеныя манеты чаканіліся вялікім накладам у некалькі мільёнаў асобнікаў, і не падпадаюць пад указ Аляксандра Лукашэнкі № 485, які робіць знаходкі старэйшыя за 120 гадоў – гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
Цікавым на думку Віктара Какарэкі з’яўляецца іншы момант: скарб знайшлі на тэрыторыі былога гарадзенскага гета, то бок ён можа мець габрэйскую гісторыю.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня