Гомельскую журналістку Ларысу Шчыракову ноч і паўдня трымалі ў ізалятары



На журналістку склалі ажно тры пратаколы пра нібыта адміністрацыйныя правапарушэнні. Яе ноч і паўдня трымалі ў ізалятары, пасля чаго выпусцілі.

***

Ларысу Шчыракову затрымалі 3 верасня. Ноч яна правяла ў ізалятары часовага ўтрымання.

Увесь дзень ейныя сябры і калегі дзяжурылі каля Гомельскага раённага суда. Аднак увечары стала вядома, што суд будзе непасрэдна ў аддзеле ўнутраных спраў Гомельскага раёна. Напярэдадні на яе склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Праваабаронца Леанід Судаленка нагадвае, што Ларыса Шчыракова – маці няпоўнагадовага сына.

– Паводле адміністрацыйнага заканадаўства, жанчыны, якія маюць на выхаванні няпоўнагадовых дзяцей, адміністрацыйнаму арышту не падлягаюць. Калі Ларыса будзе на волі, будзем з ёй ставіць пытанне аб тым, каб тых міліцыянтаў, якія яе арыштоўвалі і дастаўлялі ў ІЧУ, праверылі, ці адпавядаюць яны займаемым пасадам. Даведацца, ці ёсць у затрыманай жанчыны няпоўнагадовае дзіця – гэта адна хвіліна часу патрэбна. Але ж яны, нягледзячы ні на што, затрымалі.

Сябры і калегі Ларысы Шчыраковай працягваюць дзяжурыць каля аддзела ўнутраных спраў Гомельскага райвыканкама, дзе мусіць адбыцца суд над журналісткай.

Беларускае Радыё Рацыя