Лёс хлопца, які павесіўся ў СІЗА, застаецца невядомым



На працягу апошняга тыдня застаецца невядомым лёс 20-гадовага Ягора Пратасені, які напачатку студзеня бягучага года ажыццявіў у Жодзінскай турме №8 спробу самагубства праз павешанне. Адразу пасля выпадка асуджанага перавялі ў гарадскі шпіталь, дзе ён знаходзяўся ў крытычным стане.

Потым Ягора Пратасеню міліцыянты вывезлі ў невядомым накірунку. Пра яго месцазнаходжанне супрацоўнікі Дэпартамента выканання пакаранняў не паведамляюць нават маці, якая доўгі час не ведае, ці жывы яе сын увогуле.

Як зазначае актывістка грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328” Марына Капыціна, дзеянні адпаведных структур з’яўляюцца антычалавечымі і невытлумачальнымі:

– У маці яго забралі, яго судзілі, але вы павінны былі сачыць за яго станам і не дапусціць гэтага. Калі б ён знаходзіўся пад наглядам маці, я думаю гэтага б не здарылася. Маці нават не дапускаюць за руку яго патрымаць. Чаму? Чаму не дапусціць? Ён у коме, нічога не адбудзецца, можа яна яго ў апошні раз патрымае за руку – паўжывога чалавека.

Асуджаны Ягор Пратасеня ажыццявіў спробу самагубства ў знак пратэсту супраць катаванняў у беларускіх турмах. Пра гэта ён паведамляў і лістах да родных і блізкіх людзей.

Бягучым часам праваахоўныя структуры праводзяць праверку па факту самагубства ў Жодзінскай турме №8.

Беларускае Радыё Рацыя