Лёс рэдактара “Нашай праўды”
Да 115-годдзя беларускага грамадскага дзеяча, выдаўца і педагога Серафіма Татарына.
Актыўнаму дзеячу ў Заходняй Беларусі, арганізатару гурткоў ТБШ у Слонімскім павеце, адказнаму рэдактару беларускай газеты “Наша праўда”, удзельніку Другой сусветнай вайны, педагогу, вязню польскіх і савецкіх лагераў Серафіму Татарыну 13 лютага спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння. І хоць на Зэльвеншчыне пра свайго слыннага земляка цяпер ніхто не ўспамінае, ён заслугоўвае шчырых слоў памяці.
Серафім Татарын нарадзіўся 13 лютага 1903 года ў вёсцы Вострава на Зэльвеншчыне у сям’і селяніна-серадняка. У 1914 годзе закончыў тры класы царкоўнапрыходскай школы ў роднай вёсцы Вострава, а пасля займаўся ў духоўным вучылішчы ў Жыровічах.
У гады Першай сусветнай вайны сям’я Татарыных эвакуіравалася ў бежанства ў Расею. Жылі ў Ніжнім Ноўгарадзе, дзе Серафім закончыў тры класы духоўнага вучылішча. Летам 1920 года бацька Серафіма купіў каня і воз, і яны паехалі на Беларусь. Да роднай вёскі Вострава дабраліся ў верасні. Але вёска ўжо была пад Польшчай. Прыехаўшы ў роднае мястэчка, Серафім Татарын уладкаваўся працаваць вольнанаёмным настаўнікам у суседнюю вёску Лабзова, дзе выкладаў беларускую і рускую мовы. Але гэта працягвалася нядоўга, бо школа хутка была закрыта. Дзяцей палякі загадалі вучыць толькі па-польску.
У роднай і суседніх вёсках Серафім Татарын вылучаўся сярод равеснікаў сваёй адукаванасцю і пэўным жыццёвым вопытам. Таму нікога не здзівіла, што хутка юнак стаў важаком моладзі.
Ён хутка пазнаёміўся і падтрымліваў сувязі са слонімскімі актывістамі Паўлам Крынчыкам, Феакцістам Міско, Якубам Міско, часта бываў у Вільні, дзе пасябраваў з Рыгорам Шырмам, Максімам Танкам, Браніславам Тарашкевічам.
Аднойчы Рыгор Шырма запытаўся: “Серафім, хочаш надалей вучыцца? Станавіся рэдактарам газеты “Наша праўда”. Але папярэджваю, што можа быць некалькі канфіскацый газеты, таму, каб не арыштавалі, давядзецца ўцякаць”.
Юнак пагадзіўся. Так ён стаў адказным рэдактарам газеты “Наша праўда”. За яго подпісам выйшла ў свет 19 яе нумароў, з якіх былі канфіскаваны №№ 3, 6 і 12, а ўсяго выйшла ў свет 49 нумароў. Улады збіралі абвінаваўчыя матэрыялы на рэдактара-выдаўца, а дэфензіва выбірала зручны момант для арышту. Прыйшлося часова пакінуць Вільню і вярнуцца ў родную вёску.
Народны дом у вёсцы Вострава Слонімскага павета (цяпер Зэльвенскі раён) 1930-я-гады
Серафім Татарын у Востраве разам са свамі аднавяскоўцамі пачаў актыўна будаваць Народны дом і стварылі гурток ТБШ. Дапамогу яму і вяскоўцам нават аказвалі беларусы-востраўцы, якія жылі ў Амерыцы. Пры гуртку ТБШ у Востраве працавалі драматычны і харавы гурткі. Ставілі беларускія спектаклі, гастралявалі з імі ў суседнія вёскі, наладжвалі канцэрты, лекцыі, сустрэчы. Пад восень 1927 года Серафіма Татарына выклікалі ў Слонім на допыт з выпадку канфіскацыі нумароў газеты “Наша праўда”. Праўда, яго не арыштавалі, а аддалі пад нагляд паліцыі. Кожную нядзелю ён павінен быў прыходзіць у паліцэйскі ўчастак і адзначацца, а таксама ўзялі з яго распіску нікуды без дазволу не выязджаць.
Восенню 1928 года ў Слоніме быў праведзены павятовы з’езд ТБШ. На ім было выбрана новае кіраўніцтва. Старшынём абралі Сямёна Жыткевіча, а намеснікам — Серафіма Татарына. Праз пэўны час юнак пераязджае ў Наваградак, дзе актыўна працуе сакратаром павятовага сакратарыята клуба “Змаганне”.
5 снежня 1929 года яго арыштавалі і пасадзілі на год у турму. 5 снежня 1930 года юнак выйшаў на волю, 8 снежня — прыехаў у Вострава, а 9 снежня Серафіма зноў арыштавалі і пасадзілі за беларускасць на 6 гадоў. Кайданкі, пабоі, пераводы з турмы ў турму, галадоўкі, няспынная барацьба за правы палітычных зняволеных… І толькі 5 студзеня 1936 года Татарына вызвалілі па амністыі. Выйшаўшы на волю, 33-гадовы юнак вырашыў ажаніцца. Але 25 красавіка, за тыдзень да вяселля, яго зноў арыштоўваюць і саджаюць у Картуз-Бярозаўскі канцлагер, дзе рэжым быў надзвычай жорсткі. “Аднойчы, — часта ўспамінаўСерафім Лук’янавіч, — упраглі мяне з двума палітзняволенымі замест коней у барану. Шляя, якую адзелі на нас, была з дроту, які балюча ўпіваўся ў цела. Пот, слёзы крыўды і нянавісці засцілалі вочы…”.
У Картуз-Бярозе Серафім Татарын прабыў 14 месяцаў. Вярнуўшыся дамоў, ён працаваў на бацькавай гаспадарцы. Але ў гісторыі Бацькаўшчыны адбываецца важная падзея — аб’яднанне Заходняй Беларусі з Усходняй. Літаральна 17 верасня 1939 года на першым вольным мітынгу Серафіма выбіраюць старшынём Часовага валаснога сялянскага камітэта ў вёсцы Дзярэчын. Але НКУС “убачыў” у асобе Татарына замаскіраванага класавага ворага. І 11 кастрычніка 1939 года органы НКУС яго арыштавалі як “польскага шпіёна” і што ён працаваў у контррэвалюцыйных арганізацыях — БСРГ, ТБШ, “Змаганні”, і прыгаварылі да 10 гадоў ППК. Ён быў этапаваны ў Іўдэльскі канцлагер НКУС Свярдлоўскай вобласці Расеі. А 13 красавіка 1940 года арыштавалі ўсю яго сям’ю (жонку і траіх дзяцей) і вывезлі на поўнач Казахстана. Умовы жыцця там былі даволі складаныя: клімат улетку сухі, спякотны, зімою — вялікія марозы, завеі. Працавалі шмат, заробкі былі мізэрныя, на дзень атрымлівалі толькі па два вядры вады.
Праз год сям’ю Татарына перавезлі ў Кустанайскую вобласць на будаўніцтва чыгункі. Працавалі ў кар’еры, капалі і ссыпалі зямлю. Там адпрацавалі тры гады. І ў 1945 года жонку і дзяцей Серафіма Татарына перавезлі ў Кіеў, адкуль іх забраў муж, які ўжо быў вызвалены з лагераў, ваяваў на фронце, атрымаў раненне. Але пасля вайны знайшоў сям’ю і забраў усіх на Зэльвеншчыну.
Пасля арганізацыі мясцовага калгаса “Радзіма” у вёсцы Вострава адкрылася і пачала працаваць сямігадовая школа. У гэты час Серафім Татарын закончыў завочна педвучылішча і гістарычны факультэт настаўніцкага інстытута. 17 гадоў ён выкладаў у роднай школе гісторыю.
Памёр мужны зэльвенец у 1988 годзе. А рэабілітавалі яго ў 1956-м.
Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з архіва аўтара