Лёс цягніка Менск-Варшава дагэтуль не вырашаны
Польская чыгунка ўжо афіцыйна прыняла рашэнне аб прыпыненні руху адзінага нетранзітнага цягніка паміж беларускай і польскай сталіцамі з 15 сакавіка. Першы намеснік начальніка пасажырскай службы Беларускай чыгункі Андрэй Кашко кажа, што беларускі бок спадзяецца на захаванне цягніка:
– Мы атрымалі інфармацыю ад Польскай чыгункі з прапановай разгледзець магчымасць адмены цягнікоў №№ 115 і 116. Зараз мы праводзім кансультацыі як унутраныя, так і з польскім бокам для таго, каб абмеркаваць гэтае пытанне ў межах двухбаковых кансультацый.
Цягнікі нумар 115 і 116 спалучэннем Менск-Варшава, Варшава-Менск з’яўляецца адзіным нетранзітным спалучэннем паміж польскай і беларускімі сталіцамі. Акрамя таго, прычапнымі вагонамі Варшава-Тэрэспаль карыстаюцца і жыхары Паўднёвага Падляшша, якія працуюць у польскай сталіцы. Дата беларуска-польскіх кансультацый у справе руху цягнікоў пакуль не вядомая.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Sopek
