Любоў Кавалёва: На многія пытанні няма адказу да гэтага часу
Маці расстралянага за тэракт у менскім метро Уладзіслава Кавалёва кажа, што да гэтага часу не лічыць свайго сына вінаватым.
Сёння сёмая гадавіна трагедыі ў сталічным метро. 11 красавіка 2011 года ў 17.56 на станцыі метро “Кастрычніцкая” ў Менску прагучаў выбух. У выніку трагедыі загінула 15 чалавек і каля 400 атрымала раненні. Па факце была пачата крымінальная справа, у ноч з 12 на 13 красавіка былі затрыманы падазроныя: Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў.
Канавалава і Кавалёва прызналі вінаватымі ў здзяйсненні тэракту і асудзілі да смяротнага пакарання. У сакавіку 2012 года іх расстралялі.
Любоў Кавалёва: Гэты дзень для мяне – вялізная трагедыя. Як, зрэшты, і для ўсіх тых, хто пацярпеў сем гадоў таму, а таксама для ўсяго нашаго грамадства. Штогод 11 красавіка я смуткую разам з усімі і, паверце, маё гора таксама бязмежнае.
РР: Вы да гэтага часу не верыце ў вінаватасць сына?
Любоў Кавалёва: Не веру і не паверу да канца свайго жыцця. Я бачыла, якім чынам ішло расследаванне, як спяшаліся з расстрэлам майго сына. Калі ён насамрэч вінаваты, чаму нельга было даследаваць абсалютна ўсе факты, каб на сто адсоткаў пераканацца ў вінаватасці чалавека? Навошта было прыспешваць выкананне смяротнага прысуду? У такой рэзананснай справе павінны тысячу разоў усё адмераць і толькі пасля гэтага “адрэзаць”. Разумею, што многія могуць сказаць: маўляў, маці заўсёды будзе абараняць сына, нават калі ён злачынца. Але ж я глядзела яшчэ і фактам у вочы, следству і суду задаваліся канкрэтныя пытанні. А на многія з іх мы не атрымалі адказу да гэтага часу.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя