Любоў Кавалёва: У гэты дзень я адчуваю страх і боль
Любоў Кавалёва, маці прызнанага вінаватым у тэракце ў сталічным метро і растралянага Уладзіслава Кавалёва, распавядае, што азначае для яе дзень 11 красавіка.
Нагадаем, роўна шэсць год таму, 11 красавіка 2011 году, у 17.56 на станцыі метро “Кастрычніцкая” ў Менску прагучаў выбух. У выніку трагедыі загінулі 15 чалавек і каля 400 атрымалі раненні.
Па факце была ўзбуджана крымінальная справа, у ноч з 12 на 13 красавіка былі затрыманы падазроныя: Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў.
Канавалава і Кавалёва прызналі вінаватымі ў здзяйсненні тэракта і асудзілі да смяротнага пакарання. У сакавіку 2012 году іх растралялі.
Любоў Кавалёва: У гэты дзень я адчуваю страх і боль. Для мяне – гэта вялізная трагедыя. У метро загінулі невінаватыя людзі, быў растраляны мой сын, якога я таксама лічу невінаватым. Што б не казалі, але я да канца свайго жыцця не паверу, што Улад мог здзейсніць гэтае злачынства. Тое, якім чынам ішло раследванне і судовы працэс, толькі ўмацоўваюць мае перакананні. Як мне падаецца, усё абвінавачванне было пабудавана толькі на нейкіх здагадках. І ад гэтага яшчэ больш балюча маці. Ніякаму ворагу не пажадаю перажыць тое, што давялося перажыць мне.
РР: Зараз вы нярэдка выступаеце за адмену смяротнага пакарання. Гэта стала вашай прынцыповай пазіцыяй пасля таго, як сына не стала?
Любоў Кавалёва: Так, хаця да гэтага я наогул не ведала, што ў краіне існуе такая норма. Калі сыну быў вынесены смяротны прысуд, я пісала скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека, але Уладзіслаў так і не дажыў да таго дня, калі камітэт прыняў рашэнне. Відаць, нехта вельмі спяшаў растраляць сына…
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя