Любоў Сарлай: Гэта нейкая правакацыя ў мой бок



На гарадзенскую грамадскую актывістку Любоў Сарлай адбыўся напад.

Невядомы ёй чалавек накінуўся на яе, калі жанчына прыйшла па дзяцей ў садок.

– Пару дзён таму малады чалавек выскачыў з машыны каля садка, калі я прыехала за сынамі, пагражаў пры сведках, вельмі некарэктна сябе паводзіў. Жонка яго стрымлівала, трымала за рукі, прабачалася за яго. А ён пры сведках так сябе паводзіў, не саромячыся сваёй агрэсіі.

Спадарыня Любоў упэўнена, што гэты напад адбыўся з-за яе поглядаў.

– Для мяне гэта было так нечакана, я спачатку нават не магла зразумець, за што. Толькі пасля ён сказаў: вось вы, „твари” бэчэбэшныя, ублюдкі, з-за вас краіна можа разваліцца. Я не чакала такога. Ён убачыў „Пагоню” на маёй вопратцы, пачаў крычаць: здымі кофту і выкінь на сметніцу.

Гарадзенку Любоў Сарлай неаднаразова затрымлівалі за ўдзел у акцыях, а самым дзіўным выпадкам яе затрымання стала, калі яна выйшла прагуляцца ў горад у нагавіцах з бел-чырвона-белымі лампасамі. За гэта яе засудзілі да вялізнага штрафу, які ўжо спрабавала безвынікова абскардзіць у абласным судзе.

Беларускае Радыё Рацыя