Любоў Сарлай: Паважаю нашыя гістарычныя сімвалы
Гарадзенка Любоў Сарлай была апраўдана падчас працэсу ў судзе Кастрычніцкага раёна Гародні. Суддзя Алена Тоўсцік-Самойла не знайшла ў дзеяннях дзяўчыны складу злачынства.
Любоў Сарлай распавядае пра сваю справу:
– Мяне затрымалі 31 кастрычніка падчас таго, як я ішла ў будаўнічую краму. Проста са спіны схапілі за рукі, пасадзілі ў аўтазак і каталі спачатку ў “шклянцы” па горадзе прыкладна гадзіну. Пасля ўжо на Гая афармлялі. Тое, што я не мела дачынення да шэсця, нікому не было цікава. Сёння ўжо суд.
На дзяўчыну склалі яшчэ некалькі пратаколаў за здымкі, дзе яна стаіць з нацыянальнай сімволікай:
– За фотаздымкі з Інстаграма з Пагоняй – нашым Гербам. То бок, нічога крымінальнага. Я вельмі паважаю і ганаруся хадзіць пад б-ч-б сцягам і Пагоняй. І ні пра што не шкадую. І ні выдалю ніводнага свайго здымка.
Па словах дзяўчыны, любоў да нацыянальнай сімволікі была перададзена ёй ад бацькоў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Сяргея Апановіча