Людміла Ардынская: Ганаруся, што мае продкі – беларусы



Людміла Ардынская – паэтка і краязнаўца з Шаркоўшчынскага краю, якая выдала ўжо каля дзясятка кніг паэзіі, была суаўтарам некалькіх паэтычных зборнікаў. Яна з’яўляецца сябрам літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак”. Менавіта на яе вершы напісана большасць песень, якія выконваюцца ў раёне і па-за яго межамі. Дзякуючы яе імпэту і крэатыўнасці ў Шаркоўшчынскім раёне адбываюцца цікавыя літаратурныя імпрэзы, прысвечаныя Дню беларускага пісьменства, вядомым беларускім паэтам і пісьменнікам. Таксама паэтка – сябра „Таварыства беларускай мовы”, піша, чытае і размаўляе па-беларуску, бо шануе сваю матчыну мову, якую чула з калыскі.

Як кажа Людміла Ардынская, хоць часам бывае сумна ад таго, што людзі мала бяруць і чытаюць кніг у бібліятэках на беларускай мове, але яна ўсё ж лічыць, што цікавасць да роднай мовы ў людзей не будзе змяншацца, а наадварот – павялічвацца:

– Я з’яўляюся сябрам беларускага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак” у Шаркоўшчыне. Мы ладзім імпрэзы па-беларуску, і нас у гэтым падтрымліваюць улады. Калі мы ездзім па школах, то бачым і цікаўнасць дзяцей да беларускай мовы, яны яе добра ведаюць і разумеюць. Нават дарослыя, якія не з’яўляюцца па нацыянальнасці беларусамі, прыходзяць з задавальненнем на нашыя літаратурныя вечарыны, слухаюць беларускія вершы і спевы і ўсё выдатна разумеюць.

*** Наша мова, як маці, – адна, На яе – грэх вялікі забыцца. Мовай сведчу: не стане яна Паміж продкам і мной камяніцай.

Цалкам гутарку з паэткай Людмілай Ардынскай слухайце ў далучаным файле:

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя