Людміла Дзенісенка: Пенсіі ваеннаслужачых не адпавядаюць закану
У Берасці абмеркавалі неабходнасць унясення зменаў “Аб пенсійным забеспячэнні ваеннаслужачых”. Сябра абласнога аддзялення аб’яднання прапаршчыкаў і мічманаў, старшыня берасцейскай гарадской арганізацыі партыі левых „Справядлівы свет” Людміла Дзенісенка сустрэлася з берасцейскімі дэпутатамі Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Са словаў актывісткі, узровень пенсій – не адпавядае беларускаму закону:
– Вырашыла звярнуцца са старшынём гэтага таварыства да дэпутатаў нашага парламента – да Валюшыцкага, Базанава і Багдановіч. Пытанне стаіць аб пенсійным забеспячэнні ваеннаслужачых. Закон аб пенсійным забеспячэнні гаворыць: што мінімальная пенсія ваенаслужачых не павінна быць меншай 150-адсоткавай мінімальнай пенсіі па ўзросту. У жыцці гэта не адбываецца. Вось, напрыклад, мая пенсія. 20 гадоў выслугі. Я атрымліваю 1 мільён 808 тыс. рублёў. Калі ўзяць гэты закон, то я павінна атрымліваць каля 2 мільёнаў 300 тысяч рублёў.
„То бок на практыцы ў нашай краіне не дзейнічаюць законы, менавіта таму мы звяртаемся да дэпутатаў з просьбай высветліць, як працуе гэты закон і прывесці яго ў норму,” – дадала палітык.
Беларускае Радыё Рацыя