Людміла Івашына: У “кэдэбісцкія злівы” – не веру
Гарадзенскі журналіст-расследвальнік Дзяніс Івашын зноў апынуўся ў карцары.
Яго маці Людміла да сённяшняга часу, а гэта больш за 200 сутак знаходжання за кратамі, не ведае, за што затрыманы яе сын:
– Вядома толькі тое, што Дзяніс не выходзіць з карцара. Атрымаў спачатку 5 сутак, пасля – 6, не выходзячы, яму проста дадаюць і дадаюць. Вялікае пытанне – чаму? Я так разумею, што ён адмаўляецца супрацоўнічаць ці падпісваць нейкія лісты. Хоць, як я ведаю, дзесьці з красавіка месяца, ніякіх следчых дзеянняў з Дзянісам не праводзіцца.
Па словах маці журналіста, яна не верыць у тыя злівы ў тэлеграм-каналах, дзе апісваюць, што сыну прад’явілі новае абвінавачанне:
– Канешне, адмоўна стаўлюся. Але яшчэ раз хачу паўтарыць, што пакуль я не ўбачу на паперы на падставе чаго яго затрымалі і працягваюць утрымліваць, я ні ў што не магу верыць. Але з іншага боку, мы ўсе добра ведаем і назіраем, што адбываецца ў беларускім “цырку”. Была заяўка на экстрэмітсаў – калі ласка, атрымалі палову краіны “экстрэмістаў. Нядаўна паступіла заяўка на шпіёнаў. Ну дзе ж знайсці лепшага шпіёна ў Гародні, як ні Дзяніса Івашына?!
Людміла Івашына ўпэўнена, што будзе змагацца за свайго сына да канца і адзіны кантакт з сынам – гэта праз адваката, які зараз знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні справы.
Лісты ад Дзяніса Людміла Івашына атрымлівала больш за месяц таму.
Беларускае Радыё Рацыя