Людская абыякавасць не мае межаў



Так можна выказацца пра некаторых жыхароў, якія насяляюць вёску Карабы ў Глыбоцкім раёне. Там жыве і Алена Семашкевіч, якая сустрэлася ўвачавідкі з гэтай абыякавасцю. Нядаўна з ёй здарылася непрыемная гісторыя, якая ўскалыхнула родных і блізкіх жанчыны. А пачалося ўсё на ферме, дзе працавала Алена Семашкевіч.

Алена Семашкевіч з унучкамі

Алена Семашкевіч з унучкамі

Распавядае дачка Алены Семашкевіч Святлана:

— У той дзень, як звычайна, маці пайшла на працу ў адзінаццаць гадзін. Звычайна яна прыходзіць у чатырнаццаць гадзін, а тут каля дванаццаці гадзін (дакладнага часу ўжо і не памятаю, бо было не да гэтага) яе прывозяць на кані супрацоўнікі. Прывезлі, завялі ў калідор і сказалі: “Света, ідзі сюды, там маці твая звалілася”. І з’ехалі, нічога не растлумачыўшы. Тут я ўбачыла, што пад шапкай у маці ўся галава ў крыві. Канешне, я неадкладна выклікала хуткую дапамогу. Пакуль чакалі хуткую, я спрабавала ў маці дапытацца, што з ёй здарылася. Але маці праз кожныя пяць хвілін замест таго, каб адказаць, задавала адны і тыя ж пытанні: “А дзе ятак звалілася? А што я дома? А хто мяне прывёз?А хуткую выклікалі? Я зразумела, што яна нічога не памятае і, напэўна, знаходзіцца ў шокавым стане. Адразу з маці ў бальніцу паехаць не змагла, у мяне двое маленькіх дзяцей, трэба было дамовіцца з суседкай, каб даглядзела іх. Патэлефанавала брату, які жыве ў Глыбокім, каб ён прыехаў у бальніцу. Калі прыйшла суседка, сабралася ехаць у Глыбокае і я. Калі ішла на прыпынак, сустрэла калег маці па працы. Адна з іх да мяне падышла і запыталася: “Ну як там маці, яна дома?”. Я ёй адказваю: “Якое дома? Чаму вы не выклікалі ёй хуткую дапамогу?”. Яна моўчкі павярнулася і сышла, не сказаўшы ні слова ў адказ”.

Пра дзень, калі з ёй здарылася няшчасце, распавядае сама Алена Семашкевіч:

Нічога я не памятаю пра той дзень, нават тое, як пайшла на працу, як звалілася. Прыйшла ў памяць толькі, калі ўжо ляжала ў бальніцы, у палаце, дзесьці было гадзін сем вечара, мне ўжо зашылі рану на галаве. Цікава, менавіта гэты дзень не памятаю, а тое, што было ў маім жыцці да гэтага – памятаю.

Але хачу сказаць, што на працы такія адносіны былі да людзей заўсёды. Раней з намі працавала адна жанчына, яна заўжды дапамагала, выклікала хуткую, урача. А астатнія жанчыны, з якімі я працавала, ніколі не дапамогуць. Яны бачылі, што мне было дрэнна неаднойчы, але ніхто ніколі не пытаўся пра мой стан. Я пасяджу сама з сабой, адыду, падымаюся і іду далей працаваць. Загадчыца фермы ніколі не выкліча хуткую, ад яе дапамогі не дачакаешся.

Калі я прыйшла ў сябе, у бальніцу да мяне прыехалі заатэхнік і адказны за тэхніку бяспекі, папрасілі, каб я падпісала паперы, што са мной траўма здарылася дома. Я падпісала.

На пытанне: чаму так адбываецца ў калектыве, такая абыякавасць адно да аднаго, Алена адказвае:

— Я не ведаю. У іх такая вось абыякавасць – нам добра, а астатняе нас не турбуе. Быў яшчэ адзін выпадак у нас на працы ў жніўні гэтага года. У той час, праўда, я была на бальнічным. У нас на працы стала дрэнна пяцідзесяцігадоваму слесару, ён ледзь не зваліўся з вышыні. Работнікі яго адвезлі дадому, з ім здарыўся інсульт, і дома ён памёр. Я потым запыталася ў калег: “А чаму вы яму на працы не выклікалі хуткую, вы ж бачылі , што яму дрэнна, ён не можа стаяць?”. У адказ я пачула: “А мы не зналі, мы нават і не падумалі пра гэта”. З дому яму, канешне, выклікалі хуткую, але ўрачы сказалі, што ўжо позна, трэба было гэта зрабіць раней. Вось такія ў нас адносіны…

РР: А як зараз пасля гэтых выпадкаў, якія адбыліся з Вамі і са слесарам,  Вашыя калегі сябе паводзяць, Вы жывяце ў вёсцы і, напэўна, часта з імі сустракаецеся?:

— А я нікога і не бачыла, яны, напэўна, стараюцца “не пападацца мне на вочы”, ды ніхто не тэлефануе, не цікавіцца. Толькі адна мая сяброўка цікавіцца маім станам здароўя, сям’я і больш ніхто.

Пра выпадак, які здарыўся з Аленай Семашкевіч распавядае яе суседка і былая калега, якая папрасіла яе не прадстаўляць. Як кажа яна: мне яшчэ тут працаваць, хоць і працую за 1 300 000 беларускіх рублёў у месяц без выходных, цяпер знайсці працу складана.

— Дадому Алену прывезлі на кані з працы, там ёй ніхто хуткую не выклікаў. Прывезлі, пакінулі ў хаце і хуценька з’ехалі. Пакінулі адну з дачкой. Святлана выклікала хуткую, Алену забралі ў бальніцу. Ляжала яна там доўга. Потым яе наведала галоўны заатэхнік, пра што яны там размаўлялі – не ведаю. Ведаю яшчэ, што яе станам здароўя амаль ніхто не цікавіўся. У нас спрадвеку там, на працы, такія адносіны. Яны не думаюць пра тое, што сёння здарылася бяда з тваім калегам, а заўтра можа здарыцца і з табой падобнае. І калі, напрыклад, я заўтра звалюся, наўрад ці хто на працы мне выкліча хуткую дапамогу. Там няма ніякіх нармальных стасункаў паміж людзьмі. На дадзены момант там напружаная атмасфера, кожны сам за сябе. А раней быў вельмі добры і зладжаны калектыў.

РР: А ці працуюць там веруючыя людзі? Як вядома, Касцёл і Царква вучаць любіць бліжняга свайго?

Я ведаю некалькіх чалавек, якія наведваюць храм.

РР: І яны нічым не дапамаглі?

Не. Дарэчы, загадчыца фермы – каталічка.

Са мной таксама быў выпадак, на працы мне стала дрэнна, калі я раздавала кармы. Кажу загадчыцы: я больш не магу працаваць, пайду на ФАП (фельчарска-акушэрскі пункт ). А яна мне кажа: а хто будзе кароў даіць? Але я ўсё адно пайшла, а тут ехаў наш доктар Дзіма і пытае ў мяне: а чаго ты плачаш? Я яму кажу: мне так дрэнна, напэўна, ужо і не дайду на ФАП. Ён мяне адвёз туды, вымераў ціск, і мяне адразу паклалі ў бальніцу.

Для загадчыцы галоўнае было, каб падаілі кароў, а ў якім стане чалавек – гэта нікога не хвалявала.

Працяг гісторыі:

Распавядае дачка Алены, Святлана Амбрасовіч:

— Калі маці яшчэ ляжала ў бальніцы, я тэлефанавала загадчыцы,каб даведацца пра абставіны траўмы. Спачатку яна на мяне пачала крычаць: “Ты што, пасадзіць мяне хочаш?”. Толькі калі я яе супакоіла, яна распавяла, што маці мыла трубы, быццам бы зачапілася хусткай і звалілася. На пытанне, чаму ёй не выклікалі на працы хуткую, яна так нічога канкрэтнага мне і не адказала. А дырэктар сяльгаспрадпрыемства на гэтае пытанне ўвогуле адказаў, што ў яго ёсць іншая версія: на працы хуткую ёй выклікалі.  Вось якія справы.

Пасля бальніцы мама пайшла на працу аддаваць бальнічны ліст і заадно запыталася : калі дадуць заробак, бо ёй трэба ехаць у Віцебск на праверку, купляць лекі. Усе, хто быў у кабінеце, адразу адвярнуліся, быццам ніхто нічога не чуе. Тады я кажу: паслухайце, можа, з вамі трэба па-іншаму разбірацца. Толькі пасля гэтых слоў нешта зрушылася з месца. Заробак аддалі, а адпускныя пакуль чакаем, а пра кампенсацыю ўвогуле ніякіх размоваў не было.

Мяне гэты выпадак і да гэтай пары не адпускае. Як так, працавалі разам 10 гадоў, усе адзін аднаго добра ведаюць, і вось такія адносіны, такая абыякавасць?

Каментар ксяндза Алега Півавара:

“Чалавек найперш павінен быць чалавекам, а ўжо потым святаром, настаўнікам, лекарам альбо простым рабочым. Мы не звяры, і ў першую чаргу павінны кіравацца Божымі законамі. Найважнейшая запаведзь любові, якую нам даў Езус Хрыстус: любі Бога ўсім сэрцам, усёй душой, усімі думкамі сваімі,а бліжняга – як самога сябе. На гэтым павінны базаваць сваё жыццё вернікі, як  католікі, так і праваслаўныя,  бо ўсе яны – хрысціяне. І яшчэ людзі павінны жыць сумленна. І калі чалавек адыходзіць ад сумленнага і маральнага жыцця, ён становіцца падобным да звера, не чалавекам.

Калі чалавек атрымаў нейкую траўму ці яго зваліла хвароба, не важна ў якім месцы, на вуліцы, на працы,  іншы чалавек, праходзячы міма, павінен быць неабыякавым да людской бездапаможнасці. Як, напрыклад, у біблейскай прытчы пра самараніна. Таму мы, хрысціяне павінны быць адказнымі, як за сваё жыццё, так і за жыццё сваіх блізкіх.”

Каментар і парады праваабаронцы, юрыста Свабоднага прафсаюза Віктара Стукава:

„Калі работнік атрымлівае траўму на працы, звычайна начальнікі, дырэктары зацікаўленыя ў тым, каб схаваць гэты няшчасны выпадак на вытворчасці. Таму ўсё робяць для таго, каб працаўнік падпісаў неабходныя для начальніка дакументы. Трэба памятаць, што начальнік і рабочы маюць розныя інтарэсы. Толькі прафсаюз зможа дапамагчы адстаяць правы рабочага.

Калі начальнікі патрабуюць падпісаць нейкія дакументы пры атрыманні траўмы рабочым, не трэба спяшацца іх падпісваць. Работнік абавязаны напісаць тлумачальную, але неабавязкова гэта рабіць адразу, трэба падумаць, параіцца з прафсаюзнымі работнікамі, юрыстамі,праваабаронцамі, знаёмымі і сябрамі . А калі так сталася, што вы падпісалі гэты дакумент і ні з кім не параіліся, гэта ў далейшым ускладніць абарону вашых інтарэсаў, у тым ліку і фінансавых.

 Да таго трэба яшчэ звяртаць асаблівую ўвагу на заключэнне лекараў, каб яно было праўдзівым. Калі, напрыклад, у вас цяжкая траўма, каб там не было напісана, што лёгкая. Калі вы будзеце не згодныя з заключэннем лекараў, то можаце звярнуцца ў суд. Для гэтага вам неабходны будуць сведкі, якія бачылі ваш стан і могуць гэта пацвердзіць.

Зараз вельмі шмат выпадкаў з нявыплатай, затрыманнем выплаты або выплаты часткамі заробкаў. Што рабіць у выпадку, калі вам не выплачваюць заробак? Тут дзве магчымасці: звярнуцца ў суд або да натарыуса, калі наймальнік не аспрэчвае, што ён мае запазычанасць па заробку. Неабходна ў бухгалтэрыі прадпрыемства ўзяць даведку аб запазычанасці па нявыплачаным заробку. Бухгалтэрыя абавязаная выдаваць такія даведкі. Зрабіць копію працоўнай дамовы, дзе павінна быць напісана, у каго вы працуеце і ўказаныя тэрміны выплаты заробку. З гэтымі дакументамі вам трэба пайсці да натарыуса і напісаць заяву аб спагнанні заробку. Натарыус робіць неабходны дакумент, так званы выканаўчы надпіс. І гэты дакумент будзе накіраваны ў банк, і як толькі на рахунках прадпрыемства з’яўляюцца грошы, яны аўтаматычна накіроўваюцца на ваш разліковы рахунак.

Пасляслоўе:

Алена Семашкевіч больш не збіраецца выходзіць на працу, будзе афармляць адпачынак па догляду за ўнукамі, а пасля збіраецца сысці на пенсію. Дзмітрый Януковіч, дырэктар сяльгаспрадпрыемства “Канстанцінаў двор”, у якім працавала Алена Семашкевіч, нядаўна быў звольнены з пасады. Але не з-за інцыдэнту з Аленай, а з-за таго, што дрэнна выканаў распараджэнне старшыні раёна па нарыхтоўцы кармоў і па іншых прычынах. Загадчыца фермы сышла ў адпачынак. Работнікі не ведаюць, ці вернецца яна на працу, бо працавала яна будучы пенсіянеркай.

karaby-2

Праваслаўная царква пры ўездзе ў вёску Карабы, стаіць у пачатку вуліцы Усходняй, дзе жыве Алена Семашкевіч.

karaby-3

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя