Людзі абураны платным наведваннем леса і возера Выганашчы
Два дні ішло разбіральніцтва наконт платнага наведвання леса і возера Выганашчы ў Івацэвіцкім раёне. Такім была рэакцыя чыноўнікаў на патрабаванне вяскоўцаў зрабіць наведванне леса і возера бясплатнымі.
Ліст з 70-цю подпісамі быў накіраваны ў Адміністрацыю прэзідэнта і на прэзідэнцкі сайт. Даследавалі справу два чалавекі з упраўлення справамі прэзідэнта, прыехала раённае начальства разам з абласным.
Чамусьці высокія госці хацелі сустрэцца толькі са мной, кажа адзін з падпісантаў, шматдзетны бацька Аляксандр Іваноў:
– Я задаў пытанне: чаму толькі мяне, бо пісьмо калектыўнае, тут ёсць людзі, якія таксама хацелі б сустрэцца, пагаварыць, абмеркаваць гэтыя пытанні.
Па словах Іванова, вяскоўцы, сярод якіх паляўнічыя і рыбакі, праігнаравалі нежаданне чыноўнікаў сустракацца з людзьмі. Яны прышлі самі. Спачатку чалавек 20, а потым увесь час падыходзілі і падыходзілі. І даволі горача выплеснулі набалелае:
– Мясцовыя жыхары пачалі ўсе свае абурэнні выказваць. Тое, што датычыць і аплаты, і рыбалкі. Абурэнне стала накіпаць.
Людзі казалі не толькі пра платнае наведванне лесу і возера, а і пра змяншэнне рыбы ў возеры і чаму яе нельга купіць. Турбуе вяскоўцаў і знікненне глухароў у лесе з-за бескантрольнай вырубкі лясных дзялянак.
Прыезджае начальства паабяцала разабрацца і нармалізаваць сітуацыю на карысць жыхароў. Людзі чакаюць адказу.
Беларускае Радыё Рацыя