Людзі адмовіліся ісці на выбары, а судзяць журналістаў



Позвы ў суд Віцебскага раёна атрымалі журналісты-фрылансеры Алена Шабуня і Зміцер Лупач.

Супраць іх распачалі адміністрацыйную справу за супрацоўніцтва без акрэдытацыі з тэлеканалам «Белсат». 16 лістапада там быў паказаны сюжэт пра тое, як улады ігнаруюць даўнюю праблему: вакол санаторыя «Лётцы» паставілі плот, перагарадзіўшы дарогу мясцовым жыхарам, распавяла Алена Шабуня:

– Гэта быў сюжэт пра жыхароў вёскі Шэвіна, якія напісалі заявы ў сельскі савет, што адмаўляюцца галасаваць на парламенцкіх выбарах. Бо іх адгарадзілі ад Малых Лётцаў, дзе пошта, аптэка, чыгуначная станцыя, плотам. І ў іх цяпер няма дарогі, каб напрасткі прайсці.

Цяпер вяскоўцы мусяць даваць кругаля па лясной сцежцы, бо даўнейшая дарога апынулася за плотам. Жыхары Шэвіна, у асноўным пенсіянеры, прасілі дазволу праходзіць па тэрыторыі санаторыя, але іхныя просьбы адхілілі ўсе інстанцыі. Вінаватымі ў тым, што праблема стала шырока вядомай, цяпер лічаць незалежных журналістаў.

Алену Шабуню і Зміцера Лупача будуць судзіць 12 снежня.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя