Людзі патрабуюць, улады абяцаюць
Жыхары Мікашэвічаў хочуць ездзіць па добрых дарогах, а не па калдобінах і ямах, знішчаючы асабісты транспарт. Значная частка гарадскіх вуліц пакрыта гранітным адсевам, але з парушэннем дзяржстандарту. Таму пад час непагадзі вуліцы становяцца проста небяспечнымі і праблемнымі для пад’езду служб хуткай, гаргазу і па надзвычайных сітуацыях, кажа сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і актывіст кампаніі “За наш горад” Леанід Дубаносаў:
— Дарожнае пакрыццё не адпавядае дарожнаму стандарту. Я сабраў больш за 100 подпісаў і аднёс у гарвыканкам. Яны стварылі камісію і хоць я прасіўся у тую камісію, сказаў, што буду ездзіць на сваёй машыне, не турбуйцеся, але яны ні ў якую і ў камісію не ўзялі. Не паўсюль пачысцілі.
Паводле Леаніда Дубаносава, ў чарговы раз паабяцалі зрабіць дарогі якасна на будучы год. Але актывіст мае стос папераў, дзе ўлады, пачынаючы з 2013 года, кожны раз абяцаюць парамантаваць дарогі на будучы год.
Беларускае Радыё Рацыя