Людзі з інваліднасцю не хочуць быць аб’ектамі дапамогі дзяржавы



Людзі з інваліднасцю не хочуць быць аб’ектамі дапамогі дзяржавы, яны здольныя на прыняццё самастойных рашэнняў.

Беларусь далучылася да Канвенцыі аб правах інвалідаў увосень 2015 года. Менск узяў на сябе абавязак правесці неабходныя рэформы заканадаўства, каб адпавядаць міжнародным стандартам у гэтай сферы жыцця грамадства.

Офіс па правах людзей з інваліднасцю і Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў прапанавалі ўладам свае рэкамендацыі наконт рэфармавання законаў, што тычацца гэтай катэгорыі насельніцтва.

Як паведаміў нашаму радыё каардынатар Офісу Сяргей Драздоўскі, па-першае, дзяржава павінна прызнаць наяўнасць такой з’явы як дыскрымінацыя і на ўзроўні закону забараніць яе праявы. Другім ключавым момантам Драздоўскі называе змену апякунскага стаўлення дзяржавы да людзей з інваліднасцю.

— Мы павіны прызнаць, што сёння ў грамадстве сфармаваныя дагэтуль аб’ектныя ўзаемадачыненні, калі чалавек успрымаецца як аб’ект дапамогі падтрымкі і сацыяльнай абароны, ужо непрымальныя. Мы павінны прыйсці да таго, што чалавек, ці аб’яднанне людзей, павінны выступаць самастойным і роўным суб’ектам ва ўзаемадачыненнях, здольным самастойна прымаць рашэннні. Гэта крытычны важна.   

Аўтары рэкамендацый падкрэсліваюць, што рэформы заканадаўства ў гэтай сферы могуць расцягнуцца па часе – ад неадкладнага выканання да 15-20 гадоў.

Беларускае Радыё Рацыя