Лютасць у Глыбокім
На вачах у маленькіх дзяцей і іх маці, а таксама вачах шматлікіх школьнікаў у Глыбокім пастралялі бадзяжных сабак. Гэта здарылася ля прыпынку каля Глыбоцкай раённай бальніцы, у заўжды шматлюдным месцы. Па словах маладой маці Варвары Карніловіч, яе дачцэ два з паловай гады, яна захварэла, і калі яны вярталіся з ёй ад урача, то ім давялося перажыць жудаснае відовішча.
– Мы паехалі да лекара. Завершылі справу і пайшлі ў краму. А там ляжалі тры сабакі. Мы вырашылі іх пакарміць. Зайшлі, купілі тры сардэлькі, выходзім, а там такая карціна: мужчына з ружжом пераходзіць дарогу, пераследуе гэтых трох сабак, дзеці на прыпынку плачуць, крычаць сабакам: бяжы, бяжы. Мая дачка таксама заплакала. Мужчына, не звяртаючы ўвагу ні на кога, пайшоў рабіць сваю справу.
Па словах начальніка Глыбоцкай райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандра Казака, па этычных нормах адстрэл не павінен адбывацца ні на вачах у дзяцей, ні ў дарослых.
– Ён неяк павінен быць прадуманы – ці з раніцы, ці позна ўвечары. Каб людзі, канешне, не бачылі гэтага дзікунства. Але адстрэл дзікіх жывёл усё ж такі мэтазгодны, бо апошнім часам вельмі распаўсюджана шаленства. І з гэтай мэтай прымаць меры па адлову бадзяжных жывёлаў усё ж такі варта. Але рабіць гэта адпаведна рэгламенту.
А як кажуць у Глыбоцкай інспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету, яны сочаць за дзікай прыродай і парушэннямі ў гэтай сферы. А за бадзяжных сабак у рысе горада адказвае ЖКГ, але ў першую чаргу самі людзі, якія бяруць на гадаванне сабак, а потым выкідваюць іх на вуліцу. Аштрафаваць такога нядбайнага гарадскога ўладальніка жывёл вельмі складана, бо трэба яшчэ даказаць, што жывёла належыла таму або іншаму гаспадару.
Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае