Мадэратару блога Ціханоўскага выстаўленае абвінавачанне паводле арт. 342 КК



 Мадэратару сацыяльных сетак блога „Краіна для жыцця”, грамадзяніну Расеі Дзмітрыю Папову, затрыманаму пад Мазыром, выстаўленае абвінавачанне па ч. 1 арт. 342 КК РБ (арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Паводле інфармацыі пазбаўленага рэгістрацыі праваабарончага цэнтра „Вясна”, згодна з абвінавачаннем, Папоў, дзейнічаючы паводле папярэдняй змовы з іншымі фігурантамі справы, „пад фармальнай падставай збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую арганізаваў групавыя дзеянні ў выглядзе незаконнага грамадска-масавага мерапрыемства — мітынгу, якія груба парушаюць грамадскі парадак”.

Цяпер Папоў знаходзіцца ў СІЗА-1 на вул. Валадарскага. У адным са сваіх лістоў ён паведаміў, што ў яго пагоршыўся стан здароўя — з-за стрэсу аднавіліся праблемы з сэрцам.

Дзмітрый Папоў знік увечары 4 чэрвеня. Да гэтага ён запісаў відэа, у якім расказвае, што яго шукаюць міліцыянеры і хочуць затрымаць у межах крымінальнай справы. Толькі праз некалькі дзён стала вядома, што яго пакаралі 15 суткамі арышту і перавезлі ў Менск у ізалятар часовага ўтрымання. Адтуль яго перавялі ў СІЗА-1.

Паводле звестак праваабаронцаў, Папоў — 19-ты затрыманы па гэтай крымінальнай справе. 17 з іх працягваюць знаходзіцца пад вартай. Гэта блогеры Сяргей Ціханоўскі, Уладзімір Няронскі, Сяргей Пятрухін, Аляксандр Кабанаў, Уладзімір Цыгановіч, Дзмітрый Казлоў, Ігар Лосік, затрыманыя пасля інцыдэнту ў Гародні Дзмітрый Фурманаў, Вяргілій Ушак, Арцём Сакаў, Аляксандр Арановіч, Яўген Разнічэнка, Уладзімір Кніга, Андрэй Новікаў, палітык Мікалай Статкевіч, Сяргей Спарыш, Дзмітрый Папоў. Яшчэ два фігуранты справы — Васіль Баброўскі і Уладзімір Навумік — 9 ліпеня былі вызваленыя з СІЗА. Ім змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе.

belapan.by