“Мае продкі гаварылі па-беларуску” – беластоцкі вучань пра родную мову



Наш суразмоўца – зусім малады, але пазнавальны. У тым ліку дзякуючы кароткаму роліку, падрыхтаванаму кампаніяй Грамадскія арганізацыі “Гэта працуе”. Відэа здымалася ў польскіх Мастаўлянах да Дня роднай мовы.

Размаўляем з героем гэтага роліка, вучнем пачатковай школы №4 у Беластоку Аляксандрам Здрайкоўскім. Ён кажа, што праца падабалася і было вельмі прыемна.

РР: Скажы, калі ласка, адкуль ты сам ведаеш беларускую мову?

– Я беларускую мову пачаў вывучаць у дзіцячым садку, а пасля ў школе.

РР: Сам хацеў вывучаць мову?

Так, бо я вельмі люблю пазнаваць новыя рэчы, і штось мяне так узяло, каб навучыцца.

РР: А лічыш беларускую мову сваёй роднай?

– Так, мае продкі гаварылі па-беларуску, і я таксама лічу, што гэта мая родная мова.

РР: Ты жывеш у Беластоку, і вакол – польская мова. А дзе ты можаш пагаварыць па-беларуску або па-свойму?

– Вядома, з бацькамі, з дзядулем, з бабуляй, з сям’ёй. І ў школе ёсць заняткі чатыры разы ў тыдні.

РР: Пэўна, гэта цяжкае пытанне, але што табе падабаецца ў беларускай мове, чым яна прыгожая і цікавая?

– Я не ўмею гэта словамі сказаць, я адчуваю папросту, што гэта цудоўная мова.

РР: То на сённяшні дзень колькі ты моў ведаеш?

– Польскую, беларускую, англійскую, крыху іспанскую і нямецкую.

РР: А ў Беларусі ты ўжо бываў?

– Я быў у Гародні, Менску. Спадабалася, што столькі там музеяў, забыткаў і помнікаў.

Цалкам матэрыял – у далучаным гукавым файле:

У Польшчы больш за 450 грамадскіх арганізацый, якія працуюць у інтарэсах нацыянальных і этнічных меншасцяў, баронячы гэтыя меншасці ды рэгіянальныя мовы. Адной з такіх арганізацый з’яўляецца Аб’яднанне ў карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову, “АБ-БА”.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя