Увага! Усе, хто ў пятніцу збіраецца на Басовішча праз Кузніцу-Брузгі…
Усім, хто заўтра збіраецца перасякаць мяжу па дарозе на «Басовішча», варта ўлічыць, што з 16-й да 17-й па беларускім часе рух аўтатранспарту ў пункце пропуску будзе абмежаваны. 22-га ліпеня ў Гародні будзе праходзіць трэці этап міжнароднай велагонкі «Нёман». Мытнікі адзначаюць, што вялікіх ускладненняў кіроўцы не сустрэнуць. Гаворыць Катажына Здановіч з Падляшскай памежнай службы:
— Ужо не ў першы раз праз памежны пераход у Кузніцы будуць праязджаць раварысты і, вядома, велагонка праедзе вельмі хутка, памежны кантроль яны пройдуць раней і трэба будзе проста дазволіць тым раварыстам праехаць праз мяжу.
Беларускі бок таксама абяцае, што абмежаванні будуць кароткатэрміновыя –кажа прэс-скаратар Дзяржаўнага мытнага камітэта Аляксандр Цішчанка:
— Гэта часовае мерапрыемства, прапусцяць прабег і ўсё адновіцца. Там дастаткова рэсурсаў каб урэгуляваць гэтыя пытанні і людзі асабліва не адчуюць гэтага. Проста ўдзельнікаў прабегу прапусцяць у першачарговым парадку дый усё.
Пасля 17-й па беларускім часе ў пятніцу, 22 ліпеня, рух аўтамабіляў у пункце пропуску Кузніца-Брузгі адновіцца.
Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя