“Магічны Бабруйск” – у Гародні



Сустрэча, прысвечаная аднаму з загадкавых беларускіх гарадоў – Бабруйску, адбылася ў Гародні ў Цэнтры гарадскога жыцця і мела назву “Магічны Бабруйск”.

Алеся Лацінская, вядоўца курсаў “Мова нанова Бабруйск”, параўнала свой горад з Гародняй:

У гарадзенцаў шыкоўная архітэктура, у чым мы сёння пераканаліся. Я думаю, што ў Бабруйску архітэктуру таксама варта паглядзець, бо, як аказалася, наша старая архітэктура вельмі адрозніваецца ад вашай архітэктуры. Ваша больш стрыманая, шляхетная, а наша хутчэй карнавальная, у ёй больш фарбаў, напэўна. Таму варта з’ездзіць у Бабруйск і паглядзець на іншы архітэктурны стыль.

Для жыхароў Гародні, што прыйшлі на сустрэчу, было шмат новага і незвычайнага:

Спадабалася тым, што многіх рэчаў я не ведаў пра Бабруйск, заінтрыгавала. Ёсць жаданне паехаць туды, усё гэта пабачыць, больш пачытаць.

– Спадабалася ўсё. Нічога не ведала, таму было цікава паслухаць.

– Яны вельмі эмацыянальна расказвалі пра свой горад. Яны сапраўды закаханыя ў яго. Вельмі шмат легенд розных. Мне спадабалася.

Музычным госцем сустрэчы быў гарадзенскі музыка Алесь Дзянісаў, які выканаў больш за тузін песень з розных сольных праектаў і рэпертуару гуртоў “Кальян” і “Людзі на балоце”.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня