Магілёў губляе свае гістарычныя адметнасці



Большасць гістарычных помнікаў знішчаная ў 30-ыя гады мінулага стагоддзя і падчас Другой сусветнай вайны, і гаворкі пра іх аднаўленне пакуль не вядзецца. Але ж падмуркі гэтых помнікаў захаваліся. Да таго ж, у архівах ёсць фотаздымкі, гравюры і архітэктурныя планы, і ўсё гэта можна аднавіць.

Вось што кажа пра перспектывы такога аднаўлення рэканструктар старадаўняга Магілёва Давід Лісоўскі, які цяпер жыве ў Нямеччыне:

— Цалкам можна было б аднавіць былы Езуіцкі касцёл, потым перабудаваны ва Ўваскрсенскую царкву. Падчас вайны ён быў моцна разбураны, амаль нічога ад яго не засталося. Яго канчаткова разабралі недзе ў 50-х гадах, і месца ягонае дагэтуль незанятае. Можна было б аднавіць Пакроўскую царкву, Бернардынскі кляштар ці нейкія з гарадскіх вежаў. На Савецкай плошчы дагэтуль незанятае месца былой Алейнай брамы, адной з найпрыгажэйшых брамаў Магілёва.

Ці не самы вядомы прэцэдэнт аднаўлення страчанага гістарычнага аб’екта ў Беларусі — Менская ратуша, збудаваная ў 1600 годзе, зруйнаваная ў 1857-м і адноўленая ў 2003-м.

 Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: http://tut.budzma.org/