Магілёўская фабрыка вырабіць 5 км бел-чырвона-белай стужкі
5 кіламетраў бел-чырвона-белай стужкі хутка атрымае Арт-сядзіба ад Магілёўскай фабрыкі «Стужка». Грошы на яе выраб — а гэта каля 2 тысячаў даляраў — сабралі 10 чалавек. І хоць замова была павінна была быць выкананая да прэзідэнцкіх выбараў, а менавіта 19 верасня, фабрыка запусціла вытворчасць стужкі толькі цяпер. Пра гэта паведаміў дырэктар «Арт-сядзібы» Павел Белавус:
— Паводле дамовы нам павінны былі яе зрабіць цягам месяца, да 19 верасня, але за некалькі дзён да канца дамовы, з прадпрыемства патэлефанавалі і сказалі, што ў іх форс-мажор, не хапае нейкіх матэрыялаў, нітак і чакайце хлопцы да канца кастрычніка – пачатка лістапада. Можна было скардзіцца і казаць: як так, вы ж парушаеце дамову, падаваць у суд… Але мы вырашылі пачакаць, бо зразумелі, што хутчэй за ўсё проста далі загад да выбараў нашу замову не выконваць. А як толькі выбары завяршыліся, нам патэлефанавалі і сказалі, што ўжо запусцілі ў вытворчасць і ў бліжэйшыя дні нам павінны гэтую стужку аддаць.
Як дадае Павел Белавус, калі на Магілёўскай фабрыцы ўрэшце вырабяць бел-чырвона-белую стужку, гэта стане своеасаблівым прэцэдэнтам, які пакажа, што баяцца нацыянальных сімвалаў не трэба. Сама ж стужка будзе выкарыстоўвацца кожным для сваіх мэтаў: хтосьці будзе раздаваць, хтосьці прадаваць, нехта упрыгожваць ўпакоўкі. «Арт-сядзіба» плануе працягнуць сваю ранейшую акцыю «беларуская стужка», а таксама знайсці спонсараў на замову большага накладу для раздачы і правядзення грамадскай акцыі па папулярызацыі нацыянальных сімвалаў», — сказаў Павел Белавус.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя