Магілёўскім уладам не хапае 250 тыс. рублёў на будаўніцтва параднай аркі
Улады Магілёва патрацілі 454 тыс. рублёў пазабюджэтных сродкаў на ўзвядзенне параднай аркі на выездзе з горада. Цяпер яны хочуць сабраць з насельніцтва і арганізацый яшчэ 250 тыс. рублёў для завяршэння будаўніцтва, паведамляе газета гарвыканкама „Веснік Магілёва”.
На выездзе з горада ў бок Менска будуюць арку „стваральнікам Магілёва”, якую мясцовыя ўлады назвалі „трыумфальнай”. Паводле афіцыйнай інфармацыі, аб’ект будуюць на ахвяраванні, таму ён аб’яўлены „падарункам гораду да 750-годдзя ад магіляўчан”. Работы пачалі ў мінулым годзе ў ліпені, дарабілі бетонную канструкцыю, але на далейшае будаўніцтва грошай не хапіла. Цяпер чыноўнікі просяць аб ахвяраваннях у арганізацый і прадпрыемстваў горада, матывуючы гэта тым, што арка „палепшыць знешняе аблічча абласнога цэнтра з улікам V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі”. Аднак многія магіляўчане бачаць у аб’екце „помнік славалюбству” цяперашняга кіраўніцтва Магілёва і лічаць яго ўзвядзенне бяздумным марнаваннем народных грошай. Раней меркавалася, што аб’ект будзе здадзены на дзень горада — 28 чэрвеня.
„Акрамя гараджан і магілёўскіх прадпрыемстваў спонсарамі сталі і прадпрыемствы іншых гарадоў, прыватнікі. Так, Касцюковіцкі цэментны завод даў гораду на бязвыплатнай аснове на будаўніцтва аркі амаль 600 тон цэменту. Мікашэвіцкі завод гранітнага друзу выдзеліў друз, завод металічных канструкцый — арматуру. Таму будаўніцтва ўнікальнага гістарычнага аб’екта не кладзецца на плечы бюджэту, як лічаць некаторыя гараджане, а кладзецца на плечы тых, хто хоча ўнесці свой уклад у развіццё горада”, — цытуе выканкамаўская газета Андрэя Маскалёва, дырэктара ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Магілёва, якое выступае заказчыкам на аб’екце.
Паводле слоў Маскалёва, яго арганізацыя пералічыла 10 тыс. рублёў, сабраных працоўным калектывам. „Большая частка грошай, каля 454 тыс. рублёў, намі ўжо асвоеная, а для таго, каб арка была адкрыта для гараджан, патрабуецца яшчэ каля 250 тыс.”, — адзначыў дырэктар УКБ.
Новы заклік уладаў здаваць грошы на арку ўзмацніў негатыўнае стаўленне мясцовых жыхароў да „ўнікальнага гістарычнага аб’екта”. Сімвалам трыумфу беднасці і правалу назваў арку на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку” магілёўскі блогер Дзяніс Васількоў. „Апошнія месяцы арка стала трыумфам беднасці, правалаў і пасмешышча. І гэта вельмі сумна, сябры. Асабліва ў святле апошніх навін, калі просяць дапамагчы ў будаўніцтве не самых багатых людзей горада, а звычайных рабацяг. Ды на самай справе не просяць — а збіраюцца ўтрымаць з заробку. Чаго чакаць ад гараджан у такім выпадку? Ды плявацца ўсе будуць на гэту арку. Гідка ж як”, — піша блогер.
„Мы ўсе на блін распляскаемся, каб зрабіць тое, што нас не прасілі заезджыя госці, якія нават не ўспомняць наш горад. Гэта — правінцыйнасць, выпешчаныя дырэктывамі і глянцам па загадзе. Моташна. А памятаць Магілёў будуць у кантэксце „а, гэта той правінцыйны горад, дзе не маглі дабудаваць трыумфальную арку”, — лічыць Васількоў.
„Трыумфальныя аркі будавалі ў гонар пераможцаў або ў гонар важных падзей. Важней за прыезд Пуціна ў Магілёве, мабыць, сапраўды нічога няма”, — выказвае сваё меркаванне ў „Фэйсбуку” Marina Avseykova.
„Калі нельга ўжо разбурыць узведзенае, то няхай робяць па-беларуску, не ператвараюць беларускі горад у кальку расійскага”, — заяўляў раней старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў наконт афармлення аркі, якую плануецца ўпрыгожыць рускамоўнымі надпісамі і атрыбутамі савецкага часу.
З патрабаваннем спыніць будаўніцтва аркі восенню 2017 года звяртаўся ў суд старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Шанцаў, настойваючы на перадачы сабраных грошай на работы па ачыстцы гарадскога Святога возера.
Фота vestnikmogileva.by