Магілёўца асудзілі на паўгода за перапосты „УКантакце”
Магілёўскі абласны суд 20 лістапада прызнаў 26-гадовага Андрэя Кузьміна вінаватым у распальванні нацыянальнай варожасці з дапамогай інтэрнэту.
На сённяшнім пасяджэнні па справе Кузьміна было абвешчанае пра заканчэнне судовага следства, адбыліся спрэчкі, падсудны выступіў з апошнім словам і абвешчаны прысуд.
Паводле слоў дзяржаўнага абвінаваўцы Таццяны Амосавай, устаноўлена, што Кузьмін ў 2014 годзе зацікавіўся палітычнымі працэсамі, якія праходзяць ва Украіне, і прасякнуўся поглядамі ультраправых арганізацый гэтай дзяржавы — „Правы сектар”, „Азоў” і іншых. „Падзяляючы погляды прадстаўнікоў гэтых радыкальных рухаў, стаў адчуваць непрыязнасць да прадстаўнікоў яўрэйскай і расейскай нацый, з прычыны заняцця яўрэямі ключавых пасад і іх імкнення да ўзбагачэння за кошт іншых нацый, а таксама задавальнення імперскіх амбіцый Расеі і яе дзеянняў у дачыненні да іншых краін”, — адзначыла пракурор.
У лістападзе 2016 года ён стварыў у сацыяльнай сетцы „УКантакце” старонку „Правая Беларусь”, дзе размяшчаў інфармацыю, сэнс якой зводзіўся да заклікаў да знішчэння, прымянення сілы ў дачыненні да прадстаўнікоў яўрэйскай, расейскай і каўказскіх нацыянальнасцяў, абражання, зневажання іх нацыянальнай годнасці. Пры гэтым інфармацыю ён браў на сайтах украінскіх радыкальных груповак.
Амосава звярнула ўвагу, што ў ліпені Кузьмін прыцягваўся да адказнасці на падставе арт. 17.10 КоАП за дэманстрацыю ў інтэрнэце нацысцкай сімволікі. У той жа час дзяржабвінаваўца адзначыла, што падсудны заявіў аб раскаянні, прызнанні віны, змене сваіх поглядаў. Ён супрацоўнічаў са следствам, упершыню прыцягваецца да крымінальнай адказнасці, мае станоўчыя характарыстыкі. Пракурор папрасіла суд прыгаварыць Кузьміна да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, канфіскаваць аргтэхніку, а шэраг рэчавых доказаў, у прыватнасці з выявай герба „Пагоня”, вярнуць падсуднаму.
У сваю чаргу адвакат Яўген Багуслаўскі адзначыў, што сваімі дзеяннямі яго падабаронны не прычыніў нікому шкоды, зразумеў памылковасць сваіх поглядаў, раскаяўся ў зробленым. Абаронца прасіў прызначыць Кузьміну мінімальна магчымае пакаранне на падставе інкрымінаванага артыкула.
Падсудны назваў тое, што ён рабіў, „вялікім глупствам”. „Я рады, што ніхто не пацярпеў і не выканаў таго, да чаго я заклікаў”, — сказаў ён, просячы суд не прызначаць яму пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі.
Суддзя Рыгор Качалаў прызнаў Кузьміна вінаватым у распальванні нацыянальнай варожасці і прызначыў яму шэсць месяцаў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Прысуд можа быць абскарджаны і апратэставаны ў Вярхоўным судзе. Улічваючы тое, што Кузьмін знаходзіцца пад вартай з 9 жніўня, ён ужо мае права на ўмоўна-датэрміновае вызваленне.