Магілёўцы патрабуюць ад улад пабудаваць абяцаную школу-дзіцячы сад
У Магілёве жыхары новага мікрараёна Цярохіна па ініцыятыве мясцовых сацыял-дэмакратаўсабралі 284 подпісы пад зваротам да мясцовых улад з патрабаваннем пабудаваць у раёне школу-дзіцячы сад.
У кастрычніку актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) запатрабавалі ад улад Магілёва пабудаваць новы сацыяльны аб’ект, які быў прадугледжаны планам развіцця ўзведзенага пяць гадоў таму мікрараёна Цярохіна, аднак да гэтага часу так і не з’явіўся.
„Каля месяца таму я ініцыяваў збор подпісаў за вырашэнне гэтай праблемы. Не тое каб я хадзіў па кватэрах і збіраў подпісы, я заклікаў грамадзян самаарганізавацца і сабраць гэтыя подпісы. Я расклеіў аб’явы па пад’ездах, і неабыякавыя грамадзяне сваімі намаганнямі сабралі ўсе гэтыя подпісы, за што ім вялікі дзякуй”, — сказаў БелаПАН першы намеснік старшыні БСДП (Грамада) Ігар Барысаў, які пражывае ў гэтым мікрараёне.
Ён адзначыў, што ўсе сабраныя 284 подпісы будуць накіраваныя ў Магілёўскі гарвыканкам.
Барысаў падкрэсліў, што мікрараёну вельмі неабходная школа-дзіцячы сад, таму што найбліжэйшыя дашкольныя ўстановы і школы перагружаныя і знаходзяцца не ў крокавай даступнасці.
„Яшчэ пару гадоў таму я хадзіў на прыём да кіраўніка адміністрацыі раёна, узнімаў гэтую праблему. Тады ён сказаў, што першачарговай задачай для горада з’яўляецца будаўніцтва дзіцячага садка ў мікрараёне Спадарожнік. Зараз гэты дзіцячы садок дабудаваны, і трэба, каб і ў нашым раёне нарэшце з’явіўся дзіцячы садок. Гэта адразу вельмі ажывіць раён, бо адна трэцяя кватэра тут пустуе, у тым ліку з-за таго, што не хапае сацыяльнай інфраструктуры”, — паведаміў сацыял-дэмакрат.
Актывісты кампаніі „Права выбару”, куды ўваходзіць БСДП (Грамада), праводзяць збор подпісаў за вырашэнне ў Магілёве мясцовых праблем. У верасні было сабрана больш за 100 подпісаў пад патрабаваннем капітальнага рамонту некалькіх дамоў у мікрараёне Юбілейны. Таксама больш за 100 подпісаў у межах кампаніі было сабрана за рамонт дарогі па вуліцы Лакамабільнай.