Магутны выбух у сталіцы Кыргызстану



Магутны выбух прагрымеў сёння ў сталіцы Кыргызстану Бішкеку. Мішэнню для тэрарыстычнага акту стала амбасада Кітая. Як мінімум адзін чалавек загінуў, некалькі чалавек параненыя. Тэрарыст, які быў за рулём, памёр ад ранаў на месцы.

Паводле папярэдніх звестак злачынца на замінаванай машыне Міцубісі імкнуўся пратараніць браму дыпламатычнай місіі. Выбух быў чуваць жыхарам усяго Бішкеку. Некалькі будынкаў на тэрыторыі амбасады пашкоджаны.

Адзначым, што ў Кыргызстане пражывае каля 50 тысяч уйгураў. Большая частка гэтага народу жыве ў Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным раёне, дзе рэгулярна адбываюцца канфлікты на нацыянальнай глебе. Перыядычна ўйгурскія радыкалы здзяйсняюць у рэгіёне тэракты.

Беларускае Радыё Рацыя, фота youtube.com