Магутны выбух у цэнтры акупаванага Луганску
Моцны выбух адбыўся ўвечары 18 верасня непадалёк ад Украінскага акадэмічнага музычна-драматычнага тэатра на вуліцы Абароннай у цэнтральнай частцы Луганску. Пра гэта паведаміла падкантрольнае сепаратыстам агенцтва „Луганский информационный центр”.
Паводле папярэдняй інфармацыі, падарваны размешчаны ля тэатра помнік дэсантнікам, якія ваявалі на баку групоўкі „ЛНР”. У выніку выбуху разбурана і загарэлася ўсталяваная на п’едэстале баявая машына дэсанту (БМД).
Пажарныя ліквідуюць узгаранне. Раён здарэння ачэплены. Інфармацыі пра пацярпелых ці загінулых няма. Помнік знішчаны.
Помнік быў усталяваны 2 жніўня 2015 года.
З вясны 2014 года Луганск кантралюе прарасейская ўзброеная групоўка „ЛНР”.
У 2016 і 2017 гадах невядомыя двойчы падрывалі іншы помнік, усталяваны ў гонар баевікоў „ЛНР” у Луганску.
Беларускае Радыё Рацыя