Майсей Мазько выйшаў з ізалятара
У гадзіны „супрацьстаяння” праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода з міліцыяй ля дому Таццяны Фесікавай, частка з іх дзяжурыла каля ізалятара часовага ўтрымання Ленінскага РАУС Берасця.
„Справа ў тым што была вялікая верагоднасць таго што з ІЧУ могуць выпусціць актывіста Майсея Мазько, якога затрымалі па „справе аб выбухоўцы” некалькі дзён таму”, – паведамляе праваабаронца Раман Кісляк:
– Сёння магчыма да ночы будзе вызвалены Майсей Мазько таму, што скончваюцца трэція суткі яго арышту. Ініцыятыўная група будзе дзяжурыць, таму калі хтосьці можа, хоча, пад’язджайце ў Ленінскі РАУС, там ужо людзі дзяжураць. Могуць раней яго вызваліць, могуць апоўначы ці а 03:20.
Каля 01:00 гадзіны ночы, у акаўнтах праціўнікаў будаўніцтва акумлятарнага завода з’явілася інфармацыя пра тое што Майсей Мазько выйшаў на волю. Яго ля ізалятара сустрэлі каля 10-ці паплечнікаў. Ягоны сын Дзяніс, якога затрымалі па тый самай справе працягвае знаходзіцца пад вартай.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце