Майсей Мазько: Я адразу ім сказаў пра мярзотныя метады
Адзін з праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода ў Берасці распавёў, чаму справа, якая была пачата супраць яго і сына, развалілася.
Спынена крымінальная справа ў дачыненні да двух праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем – Майсея Мазько і яго сына Дзяніса, якіх падазравалі ў незаконным абароце боепрыпасаў.
З Берасцейскага міжраённага аддзела Следчага камітэта ім паведамілі, што крымінальны пераслед спынены за адсутнасцю ў дзеяннях прыкмет складу злачынства.
Майсей Мазько: Калі ў красавіку гэтага году машыну, якой я кіраваў, спынілі ДАІшнікі і знайшлі ў салоне пакет з патронамі, я адразу сказаў гэтым людзям, што ў іх мярзотныя метады.
Але ў той жа час я разумеў, чаму так адбываецца. Наша ініцыятыўная група, якая змагалася супраць будаўніцтва ў горадзе акумулятарнага завода, напэўна, была косткай у горле для ўладаў, таму вырашылі націснуць на найбольш актыўных. Людзям выпісвалі шматлікія штрафы, на мяне вырашылі ўздзейнічаць такім вось чынам. Безумоўна, брыдкая гісторыя, хаця я, шчыра кажучы, думаў, што справа разваліцца хутчэй.
РР: Няўжо вы ўяўлялі такую небяспеку для ўладаў, што яны вырашыліся на такую правакацыю?
Майсей Мазько: Магчыма, справу і не хацелі даводзіць да суда, але, калі яна ёсць, то чалавека можна трымаць у падвешаным стане.
Ініцыятыўная група працавала вельмі актыўна, усе нашы дзеянні былі пад кантролем сілавікоў. Не выключана, што праз маю крымінальную справу хацелі дыскрэдытаваць усіх праціўнікаў будаўніцтва завода.
А зараз, як бачым, сітуацыя змянілася. Мы дабіліся таго, што завод не працуе, узбуджаны крымінальныя справы ў дачыненні да кіраўніцтва кампаніі, якое пабудавала прадпрыемства. Хаця ёсць асцярога, што завод ізноў могуць запусціць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота svaboda.org