Майстар-клас вядомых гарадзенскіх фатографаў
У гарадзенским Цэнтры Гарадскога жыцця адбыўся майстар-клас вядомых гарадзенскіх фатографаў Іллі Гілея, Яўгена Новака і Аляксандра Саенкі. Гэтыя фатографы не аднойчы былі пераможцамі розных фотаконкурсаў і пленэраў, іх працы друкаваліся ў сусветнавядомых выданнях.
Як ствараюцца цікавыя рэпартажныя здымкі распавядае Яўген Новак:
— У першую чаргу гэта пошук, гэта здзіўленне, бо калі ў гэтых здымках няма здзіўлення, дык, паводле мяне, рэпартаж не здзейсніўся. Рэпартажнае фота павінна складацца, а студыйнае — стварацца. Уся прывабнасць рэпартажнага фота ў ягонай непрадказальнасці: тут гісторыі фармуюцца самі па сабе, а фатограф толькі як фіксатар. Ён павінен адчуваць і быць у патрэбны час у патрэбным месцы.
На думку Іллі Гілея свет сучаснага журналіста і фатографа за апошнія 10 год вельмі змяніўся
— Калі казаць пра тэндэнцыю, дык цяпер рынак сфармаваны такім чынам, што ад цябе патрабуюць максімальны вынік за кароткі час. Прычым я, напрыклад, бяру на сябе не толькі фотаздымкі, але і напісанне артыкулаў. У дадзеным выпадку практычна за тыя ж грошы рэдакцыя атрымлівае чалавека, які замяняе адразу дваіх: фатографа, і журналіста.
На думку фатографаў не трэба “зацыклівацца” толькі на рэпартажным фота, а займацца і рознымі праектамі, а таксама трэба вучыцца здымаць відэа.
Выставу Іллі Гілея, Яўгена Новака і Аляксандра Саенкі, у межах якой і адбываўся майстар-клас, магчыма яшчэ паглядзець у Гародні да 5 ліпеня.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня