Майстэрня паштовак салідарнасці заклікае падтрымаць палітвязняў
Майстэрня паштовак салідарнасці працягвае сваю працу і прапануе далучыцца ўсім неабыякавым да падтрымкі палітычных вязняў, якія зараз праходзяць па крымінальнай “справе Ціханоўскага”. Таксама можна напісаць і іншым прыхільнікам “Краіны для жыцця”, якія засуджаныя да сутак адміністрацыйнага арышту.
У тэксте паштоўкі варта ўстрымацца ад нейкіх палітычных заклікаў, раіць Дар’я Рублеўская, кам’юніці-каардынатарка Задзіночання Беларускіх студэнтаў і асістэнтка Беларускай Праваабарончай Школы.
– Варта разумець, што ўсе паштоўкі, усе лісты вычытваюць цэнзары. Яны могуць проста не дапусціць карэспандэнцыю. Не трэба распачынаць паштоўку словамі: я так доўга і ўпарта хацеў напісаць гэты ліст, мне было цяжка. Але паслухайце, гэты чалавек сядзіць у чатырох сценах. Напішыце яму штосьці пазітыўнае, каб ён паглядзеў і ўзрадаваўся. Выберыце нейкую прыгожую паштоўку. Напішыце, што зараз спёка, што ідзе дождж і яшчэ штосьці, што вы зараз адчуваеце ў гэты момант.
Можна зрабіць паштоўку самастойна альбо набыць яе, наклеіўшы ззаду марку “па Беларусі”. Таксама можна набыць і асобную капэрту з маркай. А потым укінуць у скрыню на пошце, альбо даслаць паштоўку першым класам.
Адрас для затрыманых па “справе Ціханоўскага” — Следчы ізалятар №1, вуліца Валадарскага, 2, Менск, 220050.
А іншыя прыхільнікі “Краіны для жыцця” адбываюць адміністрацыйны арышт у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) ГУУС Мінгарвыканкама, завулак 1-й Акрэсціна 36, Мінск, 220089.
Спіс імён арыштаваных можна паглядзець на сайце праваабарончага цэнтра “Вясна”.
Беларускае Радыё Рацыя