Махачкала нашых дзён
Я б дадаў – поўная Махачкала. Яшчэ нядаўна свет не ведаў пра гэты горад расейскага Каўказу. Ужо сёння стаўленне да падзеяў у сталіцы Дагестану вызначае хто твой суразмоўца – адзінадумца ці той, з кім пад адным пастом лайк не паставіш.
Колькі б абаронцы палестынцаў у сектары гораду Газы не ўжывалі словы «імперыялізм», «ваеншчына», «сіянізм», з-пад крывадушнай маскі прапаганды будзе тырчэць слова «антысемітызм».
Калі казаць пра здарэнне ў Махачкале, то мы ўбачылі, як Крэмль выслабаніў з лямпы злога джына антысемітызму. Мы пабачылі пагромшчыкаў. Тых самых, пра якіх толькі чулі з гістарычных матар’ялаў.
Я асабіста не веру ў «стыхійнасць» збору ў адным месцы ў адзін час выключна спартова падрыхтаваных маладых мужчын. Стыхійны пагром як вір засмоктвае ў свой жахлівы азарт і старога і малога. Хоць нам і паказалі пару хлопчыкаў, якія як бы гатовыя забіваць, ці дапамагаць забіваць, чалавека за прыналежнасць да іншай рэлігіі.
Арганізатары пагрому ведалі, што ў аэрапорце Махачкалы няма габрэяў. А вось азартныя маладыя людзі хутчэй за ўсё праўда атрымлівалі задавальненне ад магчымасці тут і цяпер забіць «няверных».
Пры тым, што дагестанцы гінулі і гінуць на вайне Расеі супраць Украіны. І ў Дагестане нават былі масавы пратэсты супраць удзелу сваіх людзей у «чужой вайне».
Крэмль дазволіў гэты жахлівы спектакль, а цяпер кэгэбіст Пуцін можа разыгрываць свае «шматхадовачкі».
Напрыклад, можа зачысціць Дагестан ад «ісламскіх экстрэмістаў», лічы – ад байцоў, здатных змагацца за незалежнасць Дагестану.
А можа наадварот – падліць алею ў агонь, каб пачаліся іншыя міжнацыянальныя пагромы. Сэнс відавочны – забраць увагу ад эканамічных праблем, і ад соцень тысяч трупаў і калекаў ва ўкраінскай вайне.
Пагром, ці кіраваная імітацыя пагрому, у Махачкале – гэта выразная дэманстрацыя ўсяму свету, што Расея ўдзельнічае ў другім антызаходнім фронце, які адкрылі баевікі ХАМАС пасля ўварвання Расеі ва Украіну.
Для беларусаў унутры Беларусі падобны кірунак разгортвання падзеяў азначае, што на перспектыву, калі супольнасці Зямлі канчаткова радыкалізуецца, служак Лукашэнкі можна будзе прасцей прыцягваць да адказнасці і па знешнепалітычных матывах.
«Усё толькі пачынаецца». Гэтая вечна актуальная фраза брыняе новымі фарбамі.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя