Махляр прадаў дзесяць фальшывых манет за тысячу даляраў
Пра выпадак распавёў начальнік аддзела ГУУР МУС Андрэй Мікуліч, паведаміла ў Тэлеграм-канале прэс-сакратара МУС Вольга Чамаданава.
«Каб пераканаць пакупніка ў сваёй сумленнасці, зламыснік разам з ім зайшоў у ламбард і перадаў на праверку сапраўдную залатую манету (гэта тыповая схема). Калі спецыяліст пацвердзіў сапраўднасць, даверлівы мужчына купіў дзесяць фальшывак з таннага металу за тысячу даляраў: сапраўдную манету фігурант непрыкметна падмяніў на падробленую. Жонка пацярпелага, пачуўшы расказ пра такую выгадную здзелку, засумнявалася. Неўзабаве яе асцярогі пацвердзіліся».
Адразу пасля здзяйснення злачынства гастралёры вярнуліся ў Расею. Праз пару тыдняў у Менск прыехала новая група аферыстаў, сярод якіх быў брат зламысніка з першай «брыгады». Па такім жа сцэнары ён прадаў менчуку жменю бутафорскіх царскіх манет за 800 даляраў.
У галоўным упраўленні крымінальнага вышуку МУС засцерагаюць: у Менску і рэгіёнах зафіксаваныя выпадкі падману грамадзян па новым для нашай краіны сцэнары.
Схема вымантачвання грошай наступная:
- смуглявыя мужчыны неславянскай знешнасці на аўтамабілі з расейскімі нумарамі прыязджаюць у горад, пераапранаюцца ў рабочую вопратку і пад выглядам будаўнікоў-гастарбайтэраў з Усходу звяртаюцца да менчукоў;
- распавядаюць, што знайшлі на будоўлі скарб з залатымі і срэбнымі манетамі, каштоўнымі сталовымі прыборамі, якія хочуць канвертаваць у грошы;
- на прапанову здаць знаходку дзяржаве і атрымаць сваю законную долю адказваюць, што не жадаюць «свяціцца», таму гатовыя тэрмінова прадаць каштоўныя прадметы ў разы танней.