Максім Пазнякоў: Лёгкага жыцця незалежным прафсаюзам чакаць не выпадае



У Наваполацку адбыўся ператрус у кватэры старшыні першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюза «Нафтана» Вольгі Брыцікавай, а таксама ў офісе арганізацыі. Паводле старшыні Беларускага незалежнага прафсаюза Максіма Пазнякова, з офіса забралі дакументы, прафсаюзныя выданні, у тым ліку і па тэхніцы бяспекі, жорсткія дыскі кампутараў. Ператрусы працягваліся каля 3-4 гадзінаў, і гэта не адзіная праява ціску на прафсаюзных актывістаў за апошнія дні: некалькі чалавек аштрафавалі нібыта за незаконнае пікетаванне ці за леташнія перапосты матэрыялаў з сайтаў, толькі сёлета прызнаных экстрэмісцкімі.

На думку Максіма Пазнякова, усё гэта – ціск на незалежныя прафсаюзы:

– Гэта ціск на незалежныя прафсаюзы, бо яшчэ летам міністр працы Касцевіч на канферэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы на ўвесь свет заявіла, што незалежныя прафсаюзы наносяць шкоду дзяржаве… І ўвогуле, мы засталіся практычна адзінай дэмакратычнай арганізацыяй у краіне. Мабыць, надышла і наша чарга.

Пасля такіх заяваў лёгкага жыцця незалежным прафсаюзам чакаць не выпадае, мяркуе лідар незалежнага прафсаюза. Таксама Максім Пазнякоў не выключае, што ціск на чальцоў Беларускага незалежнага прафсаюза можа быць выкліканы і ўзмацненнем эканамічных санкцый, і паведамленнямі пра страйк, пачатку якога сур’ёзна баяцца беларускія ўлады.

Беларускае Радыё Рацыя